Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адбылася абласная канфэрэнцыя Партыі БНФ


Радыё Свабода, Магілёў У Магілёве адбылася абласная канфэрэнцыя Партыі БНФ. Больш за пяцьдзясят дэлегатаў з 13 раёнаў Магілёўшчыны перазаснавалі на патрабаваньне Міністэрства юстыцыі абласную партыйную арганізацыю і абмеркавалі стратэгію яе дзейнасьці. Дэлегаты абралі раду і старшыню. Старшынём абласной арганізацыі аднагалосна абраны Рыгор Кастусёў.

На канфэрэнцыі прысутнічалі госьці зь Менску: старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, сябры сойму партыі Алесь Міхалевіч, Аляксей Янукевіч і Ўладзімер Лапковіч.

“Пастаянна Магілёўшчына сьведчыць свой культурны, духоўны, нацыянальна-адраджэнскі патэнцыял, – сказаў па заканчэньні канфэрэнцыі ў інтэрвію “Свабодзе” Вінцук Вячорка. – Сёньня для мяне важнай была прысутнасьць як патрыярхаў нашага фронтаўскага руху, так і маладых людзей. Гаворка была ў рэчышчы нашай стратэгіі. Мы павінны сёньня напоўніць, наталіць інфармацыйны голад з арыентацыяй на праблемныя групы і на групы, чые інтарэсы будуць ушчэмленыя, на жаль, немінучым крызісам”.

Па заканчэньні канфэрэнцыі дэлегаты пабачылі фільм Віктара Корзуна “Верыць толькі ветру. Чарнобыль 20 год пасьля”. У Менску прэзэнтацыя гэтай дакумэнтальнай стужкі адбудзецца 24 красавіка ва ўправе партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG