Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі канфэрэнцыі Партыі БНФ выйшлі з абложанага дому


Радыё Свабода, Магілёў Зьняць міліцэйскую аблогу прыватнага дому, дзе адбывалася канфэрэнцыя, дапамаглі магілёўскія праваабаронцы.

Паводле грамадзкага праваабаронцы Барыса Бухеля, у міліцыянтаў не было дакумэнтаў, якія дазвалялі б ім знаходзіцца на тэрыторыі прыватнага дому. У сваё апраўданьне яны спаслаліся на ананімнае паведамленьне, што ў доме нібыта адбываецца бойка. Пасьля тэлефанаваньня свайму начальству міліцыянты сышлі, зазначыўшы, што ў суседнім доме бойка.

Цяпер (20.28) “нявольнікі” прыватнага дому разыходзяцца. Адразу ж па зьняцьці аблогі менскія госьці абласной канфэрэнцыі партыі БНФ Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч, Аляксей Янукевіч ды Ўладзімер Лабковіч зьехалі дадому.

Скіроўваючыся да выезду з Магілёва, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў Радыё Свабода:

“Сёньня ў Магілёве адбывалася абласная канфэрэнцыя Партыі БНФ. Фармальна гэта была ўстаноўчая канфэрэнцыя абласной арганізацыі, бо гэтая структура была зачыненая паводле рашэньня Мін''юсту, а фактычна гэта была аднаўленчая канфэрэнцыя. У ёй узялі ўдзел госьці зь Менску, 61 дэлегат з 13 раёнаў Магілёўскай вобласьці – канфэрэнцыя была вельмі прадстаўнічая.

Якраз калі мы ўжо закончылі канфэрэнцыю, а таксама нараду "Моладзі БНФ", раптам назіральнікі заўважылі (а мы знаходзіліся ў прыватным доме), што дом аблажылі супрацоўнікі міліцыі ў форме, а таксама людзі ў цывільным. Прычым супрацоўнікі міліцыі афіцэрскіх званьняў – капітаны і маёры.

Некалькі гадзінаў мы правялі ў абложаным доме. Яны ламіліся ў дом, не тлумачачы прычыны свайго ўламаньня, і толькі пасьля таго, як звонку дому зьявіліся магілёўскія праваабаронцы спадары Бухель і Краўчанка, якія патлумачылі ім, што гэта, уласна кажучы, ”ня ваш клопат, а клопат КДБ”, міліцыянты пакінулі свае назіральныя пасты каля дому".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG