Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праскі акцэнт": колькі "дывізій" у Рады Эўропы?


Юры Дракахруст, Прага У якім стане зараз дыялёг паміж афіцыйным Менскам і Эўропай, ці можна сказаць, што ён скончыўся, не пачаўшыся? Чаму з боку Эўропы дыялёг зь Беларусьсю вядуць структуры, якія паводле свайго статусу ў найменшай ступені здольныя задаволіць патрэбы беларускіх уладаў? Ці можа знайсьціся месца лукашэнкаўскай Беларусі ў межах новай палітыкі стрымліваньня Расеі? Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: зь Лёндану – аналітык па праблемах СНД кампаніі “Global Insight”, доктар палітычных навук Натальля Лешчанка, зь Менску – палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і палітычны аглядальнік “Белгазэты” Віктар Марціновіч.

Ці ня рана хаваць дыялёг?

Дракахруст: “Заявы, зробленыя Аляксандрам Лукашэнкам напачатку году пасьля беларуска-расейскага крызісу, сьведчылі пра жаданьне афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з Захадам, знайсьці ў ім пэўнае апірышча ва ўмовах, калі традыцыйнае апірышча, Масква, стала ледзь не галоўнай крыніцай дэстабілізацыі. Потым былі пэўныя спробы такое ўзаемадзеяньне наладзіць. Варта прыгадаць, напрыклад, візыт у Менск старшыні ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна. Але, гледзячы па ўсім, гэтае вакно магчымасьцяў так і не расчынілася. На мінулым тыдні на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка заявіў: “Я заўсёды гаварыў, што мы не пацерпім панукваньняў — калі Эўразьвяз, дзякуючы сваёй “інэрцыі”, прапаноўвае нам сьпіс захадаў, якія яму загадзя напіша беларуская апазыцыя”.

Яшчэ раней іншыя прадстаўнікі афіцыйнага Менску адхілілі адну з цэнтральных умоваў дыялёгу з Эўропай – вызваленьне палітычных вязьняў, заявіўшы, што ў Беларусі такіх няма, а ёсьць толькі крымінальнікі. Але такія аргумэнты беларускага боку іх эўрапейскіх партнэраў ня надта пераконваюць.

Скажам, на гэтым тыдні падчас пасяджэньня ПАРЭ яе прэзыдэнт , прыгаданы ван дэр Ліндэн, сказаў, што “крок за Менскам”, іншыя кіраўнікі гэтай арганізацыі паўтарылі тэзу пра вызваленьне палітвязьняў як умову пачатку дыялёгу, гэта знайшло адлюстраваньне і ў рэзалюцыі асамблеі.

Зразумела, што Рада Эўропы – гэта не апошняя інстанцыя, якая прадстаўляе Захад, але і галасоў, якія б выступалі за іншыя ўмовы дыялёгу з афіцыйным Менскам, нешта не чутно. Ці азначае гэта, што магчымасьць такіх перамоваў фактычна зьнікла? І калі так, то чаму бакі не пайшлі на адпаведныя саступкі, можа – ня так ужо было і трэба? Натальля Лешчанка, як Вы мяркуеце?”

Лешчанка: “Тое, што дыялёг спыніўся, гэта цалкам зразумела, але найбольш цікава тое, што дыялёг наагул атрымаўся. Абодва бакі скарысталі тыя магчымасьці, якія мелі. Лукашэнку было патрэбна неяк напужаць Расею, паказаць, што ў яго ёсьць іншыя варыянты, а ў Эўропы ўпершыню за шмат гадоў зьявілася нейкая магчымасьць зрабіць уплыў на Менск, бо дагэтуль Эўропа ня мела аніякіх рычагоў узьдзеяньня на Беларусь. Таму тое, што гэтая першая спроба правалілася, як Вы кажаце – гэтак казаць ня вельмі карэктна. Нічога іншага не магло атрымацца на гэты час, і бакі могуць заставацца задаволенымі тым, што адбылося.

Для Лукашэнкі ідэя незалежнасьці – сапраўды самае важнае, гэтае тое, на чым трымаецца ягоны рэжым, гэта тое, што дазваляе яму супрацьдзейнічаць высілкам Захаду на працягу апошніх 10 гадоў. І зразумела, ён заўсёды ставіў бар''ер незалежнасьці ў адносінах з Расеяй. Ён сапраўды ніколі не аддасьць незалежнасьць, як ён і кажа. Але ідэя незалежнасьці не настолькі добрая для беларускага разьвіцьця, як гэта здавалася б.

Эўропа нарэшце атрымала хоць якую магчымасьць паўплываць на Беларусь, так бы мовіць, паставіць нагу ў дзьверы. Зразумела, Лукашэнка ня вызваліць палітвязьняў, гэта проста супярэчыць ягоным інтарэсам, асабліва ён ня можа выпусьціць Аляксандра Казуліна, які такі ж таленавіты палітык, як і ён сам.

Але тым ня менш у Беларусі загучалі эўрапейскія галасы. Магчыма, эўрапейцы разумеюць, што Лукашэнка гэтыя ўмовы ня выканае, але па меншай меры зьявілася магчымасьць узаемадзеяньня”.

ЧЫТАЦЬ УВЕСЬ ТЭКСТ ПЕРАДАЧЫ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG