Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Камуністы сышлі, а суботнікі чамусьці засталіся. Пытаньне – чаму?”


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік. Заробленыя ў гэты дзень грошы ўлады прапанавалі пералічыць у аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам. У савецкі час такія суботнікі называлі камуністычнымі, і ўдзел у іх быў абавязковым. Ці ўдзельнічалі жыхары Менску ў гэтым мерапрыемстве? Як вы наагул ставіцеся да суботнікаў? Наш карэспандэнт правёў апытаньне людзей на вуліцах Менску.

Слухаць:



Спадарыня: «Шчыра кажучы, ня ўдзельнічала. Але сама ідэя, відаць, ня кепская».

Спадар: «У мяне маці забралі ў шпіталь, таму мне не да суботнікаў. Ды й непатрэбныя яны».

Спадар: «У суботніку ўдзельнічаў. Галоўнае, каб грошы пайшлі дзецям, а не чыноўнікам. А сама ідэя добрая».

Спадарыня: «Мы працуем у музычнай школе, і ў нас сёньня працоўны дзень. Але мы ўпарадкавалі клюмбу, каб кветкі расьлі каля нашай школы».

Яе калега: «Мы толькі вітаем, каб горад быў чысты».

Карэспандэнт: «Ці ўдзельнічалі вы ў сёньняшнім суботніку і як ставіцеся да традыцыі правядзеньня такога мерапрыемства?»

Спадар: «Удзельнічаў і стаўлюся да гэтага станоўча. Толькі з надвор''ем не пашанцавала. На працоўным месцы хто павінен парадак наводзіць? Ці прыбіральшчыц наймаць?»

Спадар: «Браў удзел, адпрацавалі і пайшлі дадому. Можа, нейкая карысьць ад гэтага будзе».

Спадар: «Суботнікі – гэта справа мінулая, калі пры ўладзе былі камуністы. Камуністы сыйшлі, а суботнікі чамусьці засталіся. Пытаньне – чаму?»

Спадар: «У суботніку ня ўдзельнічаў, бо фірма, у якой я працую, сёньня працавала. Павінен быць нейкі дзень, калі мы прыбіраем каля дома сьмецьце. Але гэта не павінна быць абавязковым днём. Кожны павінен яго вызначыць для сябе».

Дзяўчына: «Калі гэта на карысьць прыродзе, то пэўным чынам разьвівае духоўны сьвет чалавека».

Дзяўчына: «Я ня ўдзельнічала, бо я зь іншага гораду. Гэта вельмі добра, бо горад становіцца чыстым».

Спадарыня: «Я ня ўдзельнічала, бо нашая арганізацыя перадала адпаведныя грошы. А тэрыторыю прыбіралі ў іншыя дні».
XS
SM
MD
LG