Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Чарнобыльскі шлях” – з лысым вожыкам


Алесь Дашчынскі, Менск Да чарговага “Чарнобыльскага шляху” застаецца пяць дзён. Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” вызначыў, што дэманстранты зьбяруцца ў Менску 26 красавіка на плошчы Якуба Коласа а 18-й гадзіне. Менавіта сюды запрашаліся людзі падчас інфармацыйнай кампаніі. З плошчы Якуба Коласа шэсьце накіруецца да Акадэміі навук, пляцоўкі дазволенай Менгарвыканкамам.

Заяўнікі вядуць перамовы зь міліцыяй, будуць судзіцца з гарвыканкамам

Адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў:
А.Янукевіч: “Заяўнікі вядуць перамовы зь міліцыяй, каб тыя людзі, якія зьбяруцца на Якуба Коласа, маглі спакойна, без перашкодаў прайсьці да Акадэміі навук”.
“Заяўнікі вядуць перамовы зь міліцыяй, каб тыя людзі, якія зьбяруцца на Якуба Коласа, маглі спакойна, без перашкодаў і самі нікому не ствараючы перашкодаў прайсьці да Акадэміі навук. Я мяркую, што на наступным тыдні будуць працягвацца гэтыя сустрэчы. У пятніцу нам міліцыянты сказалі, што яны не выключаюць, што плошча Якуба Коласа будзе недаступнай. З чаго мы робім высновы, што яны разглядаюць варыянт яе блякаваньня”.

Сябры аргкамітэту рыхтуюць таксама заяву ў суд на Менгарвыканам, які зьмяніў маршрут акцыі. Заяўнікі лічаць, што ўлады парушылі закон аб масавых мерапрыемствах, бо зьмяняць фармат акцыі можна толькі пасьля ўзгадненьня з арганізатарамі.

В.Палевікова: фармат, дазволены ўладамі – прымальны

Сябра аргкамітэту і таксама заяўніца акцыі актывістка АГП Валянціна Палевікова заявіла, што “Чарнобыльскі шлях” мае мірны характар, а дазволены ўладамі фармат прымальны.

“Яна менш палітычная і больш сацыяльная акцыя. Гэта дзень смутку. Мы зьвернемся зь лістом да Менгарвыканкаму, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, у некаторыя дзяржаўныя мэдыі, каб яны дазволілі нам выступіць, інфармаваць людзей, каб яны зьбіраліся на дазволеным месцы”.

Улады, як вядома, дазволілі шэсьце ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў. Каля капліцы ў памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы плянуецца 21 хвіліна маўчаньня. Аднак далейшы маршрут “Чарнобыльскага шляху” пакуль абмяркоўваецца.

Мілінкевіч пра Бангалор: “Там дэманстраваць няма чаго”

Лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч далучыўся да рашэньня аргкамітэту распачаць акцыю на плошчы Якуба Коласа. Але ён адмовіўся ісьці на плошчу Бангалор. Чаму?
А.Мілінкевіч: “Для мяне гэта так прыкра, хадзіць на гэтую плошчу. Гэта як бы на выгнаньне хадзіць. І там дэманстраваць няма чаго... Я лічу гэта паразай”.
“Для мяне гэта так прыкра, хадзіць на гэтую плошчу. Гэта як бы на выгнаньне хадзіць. І там дэманстраваць няма чаго. І я тады казаў, 25 сакавіка, што не пайду на Бангалор. І цяпер мне вельмі ня хочацца туды ісьці. Я лічу гэта паразай. Трэба дамагацца таго, каб улада ўсё ж зьмяняла сваё рашэньне. І мы сапраўды ў сваёй краіне, сваім горадзе маем права. З майго пункту гледжаньня, гэта ня правільна – хадзіць на Бангалор”.

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” надаюць увагу якаснаму мастацкаму афармленьню. Сёлета сымбалем акцыі стане лысы вожык – ахвяра радыяцыйнай мутацыі, герой народнага жарту.

У Менск на “Чарнобыльскі шлях” прыедуць жыхары забруджаных радыяцыяй тэрыторый, перасяленцы і ліквідатары. Мяркуецца, што асобныя акцыі пройдуць таксама ў абласных цэнтрах.
XS
SM
MD
LG