Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 14.04.2007 – 20.04.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Пакуль Беларусь ня будзе вольнай, эўрапейскі кантынэнт нельга назваць кантынэнтам дэмакратыі”.

Гі Вэрхофштат, прэм’ер-міністар Бэльгіі

“Узровень ашчаджэньня насельніцтвам упаў з 20% напрыканцы 1990-х да 4% у 2006 годзе. У японцаў напачатку іх эканамічнага цуду норма ашчаджэньня была 30%, нармальным лічыцца ўзровень у 10%. Беларусы ня хочуць ашчаджаць грошы, яны хочуць зараз і цяпер жыць лепш, купляць машыны, кватэры і г.д.”

Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Спадар ван дэр Ліндэн сказаў мне, што той крок, (маючы на ўвазе свой прыезд сёлета ў Менск) ён дагэтуль лічыць патрэбным. І сёньня, калі б сытуацыя зноў паўтарылася, ён зрабіў бы гэты крок, нягледзячы на крытыку апазыцыі. Але вось другога кроку кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі рабіць ня будзе — да таго часу, пакуль ня будзе адпаведнага кроку з боку беларускай улады. Ён лічыць гэта сур’ёзнай умовай для яе”.

Старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандар Мілінкевіч – пра перамовы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам.

“Некаторыя лічаць, што ўмоваў ня трэба ставіць — абы быў дыялёг. І вось тут мы аднолькава глядзім на гэты прынцыповы момант. Я расказаў спадару Дэвісу пра адносіны дэмакратычных сілаў да дыялёгу, што мы яго таксама падтрымліваем. Але мы лічым, што дыялёг патрэбны ня дзеля дыялёгу, а дзеля выніку. А вынік усё ж такі — дэмакратызацыя. Ён падзяляе гэты погляд. Калі ўлада хоча дыялёгу, жадае супрацоўнічаць з Эўропай, дык яна магла хаця б зрабіць мараторый на палітычны перасьлед таго ж “Маладога фронту”, таго ж Клімава. Гэта, я лічу, прынцыповая рэч”.

Старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандар Мілінкевіч – пра перамовы са старшынём Рады Эўропы Тэры Дэвісам.

“Цяпер мы апынуліся недзе паміж Беларусьсю і Зымбабвэ, і некаторыя лічаць, што дзеяньні міліцыі на маскоўскіх вуліцах былі такімі ж жорсткімі, як дзеяньні міліцыі на вуліцах Менску”.

Гары Каспараў, лідэр руху «Іншая Расея» – пасьля разгону дэманстрацыі ў Маскве 14 красавіка.

“Насамрэч гэта выбар кожнага грамадзяніна – выходзіць на вуліцу або не. Чаго я буду за іх перасьцерагацца?”

Барыс Беразоўскі, былы расейскі алігарх, эмігрант у Лёндане, які заклікае да скіданьня ўлады Пуціна – у адказ на пытаньне “Свабоды”, ці не асьцерагаецца ён, што супраць людзей , якія выйдуць на вуліцы, улада ўжыве сілу.

“Нават міліцыянты, калі афармлялі мне адпачынак, казалі, што ў нас апошнія “алканаўты” меней за тры дні адпачынку не атрымоўваюць. Чаму гэта вас ўсяго на паўтара?”

Мікалай Статкевіч, сацыял-дэмакратычны палітык, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі – пра тое, што атрымаў дазвол толькі на паўтара дні, каб наведаць хворага бацьку.

«Перадумовай дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам ці іншымі міжнароднымі арганізацыямі зьяўляецца дыялёг унутры краіны – паміж апазыцыяй і ўладамі».

Андрэс Хэркель, старшыня падкамітэту ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы – падчас слуханьняў па беларускім пытаньні.

“Атрымоўваецца, што калі пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека выносяцца за дужкі, то ў дыялёгу паміж Беларусьсю і Радай Эўропы фактычна няма, як цяпер кажуць, парадку дня”.

Валер Карбалевіч, аглядальнік Свабоды – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.

“Ня думаю, што пачне фінансаваць, грошы яны ўсе любяць, але і ня думаю, што будзе скідваць. Калі прыбраць дыктатуру, калі прыбраць гвалт, то раптам на свабодных выбарах беларускі народ возьме і прагаласуе за Казуліна і за Мілінкевіча, калі людзей не запалохваць? Яны на такую рызыку ня пойдуць, ім патрэбная тут марыянэтка. А раптам іхная марыянэтка ня пройдзе на выбарах, то хто будзе несвабодныя выбары арганізоўваць, калі ня будзе Лукашэнкі? Вось і мяркуйце самі. Яны будуць трымаць Лукашэнку, але трымаць яго ў "чорным целе", каб ён крый божа ня стаў прэзыдэнтам Расеі і ня зьеў лішняга кавалку”.

Валерыя Навадворская, публіцыст, старшыня расейскай партыі «Дэмакратычны Саюз» – падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце «Свабоды» ў адказ на пытаньне «Ці ёсьць імавернасьць таго, што новы прэзыдэнт Расеі зьменіць адносіны з «братэрскай Беларусьсю» і ізноў пачне фінансаваць рэжым Лукашэнкі?»

“Думаю, што найбольш нечаканай для амэрыканцаў была інфармацыя, што больш за 80% кіруючай эліты ў Беларусі ня хоча ніякага аб''яднаньня з Расеяй і, паводле апытаньня, галасавала б супраць такога аб''яднаньня, калі б рэфэрэндум праходзіў бліжэйшымі тыднямі. Тым часам як сярод звычайных беларусаў ня хоча гэтага аб''яднаньня каля 30%”.

Ян Максімюк, аналітык Свабоды – пра сваой выступ у Вашынгтонскім бюро Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа.

“У Беларусі, на вялікі жаль, і прыхільнікі дэмакратыі ня могуць вывесьці на вуліцы шмат сваіх прыхільнікаў, і прыхільнікі ўлады тым больш ня могуць вывесьці людзей. Я маю на ўвазе 20—30 тысяч чалавек”.

Зьміцер Хведарук, адзін зь лідэраў незарэгістраванага “Маладога фронту”.

“Часам там масавыя мерапрыемствы, я маю на ўвазе Расею, Кіргізстан, часткова Ўкраіну, калі браць “сіні” спэктар дэманстрантаў, якраз гэтыя масавыя выступленьні арганізаваныя часьцей спэцслужбамі. Мэта іх — якраз не дэмакратычнае волевыяўленьне людзей, а якраз наадварот — як гэта ні парадаксальна, гэта праява тых слабых бакоў, якія ёсьць у дэмакратыі, калі ўсе людзі роўныя перад законам”.

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

“На жаль палітычныя лідэры маюць найменьшае ўяўленьне пра тое, што трэба рабіць, калі спэктар магчымасьцяў найбольш шырокі”.

Юлія Цімашэнка, лідэр украінскай апазыцыі – у артыкуле “Стрымліваючы Расею” ў часопісе “Foreign Affairs”.

“Мы катэгарычна адмовіліся размаўляць у прысутнасьці апэратараў. Яны выдалілі прадстаўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў. Спадар Найдзенка сказаў, што камэра ГУУС павінна застацца, бо пазьней здымкі могуць быць выкарыстаныя ў судзе. На што мы адказалі, што неаднаразова такія матэрыялы выкарыстоўваліся дзеля дыскрэдытацыі ўсіх дэмакратычных сілаў, таму мы катэгарычна адмаўляемся весьці перамовы ў прысутнасьці тэлеапэратара. Нам адказалі: калі ня хочаце, тады гэта вашы праблемы”.

Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні БНФ – пра перамовы арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” з гарадзскімі ўладамі.

“У Беларусі пакуль няма неабходнасьці ў стварэньні ў ВНУ эўрапейскіх цэнтраў інфармацыі аб правах чалавека і дэмакратыі”.

Аляксандр Радзькоў, міністар адукацыі (зь ініцыятывай стварэньня такіх цэнтраў выступіў Аляксандр Мілінкевіч)

“На сёньняшні момант уся гэтая схема, якую вы распрацавалі, ня толькі не працуе — яна спыняе ўсё магчымае, добрае, што ёсьць у працэсе ўсынаўленьня”.

Аляксандар Шацько, дэпутат Палаты прадстаўнікоў – пры абмеркаваньні паправак у заканадаўства, якія тычацца замежнага усынаўленьня беларускіх дзяцей.

“Як для жанчыны для мяне найбольш кранальныя сустрэчы з бацькамі палітвязьняў. Як бацькі, яны напэўна не жадаюць, каб іхныя дзеці бралі такі ўдзел у палітычным жыцьці. Але адначасова яны вельмі ганарацца сваімі дзецьмі”.

Карэн Ст’юарт, пасол Злучаных Штатаў Амэрыкі – у інтэрвію Свабодзе

“Цэнтар ня можа дамовіцца. Амбіцыі ў цэнтры перахлёстваюць занадта. А ў рэгіёнах людзі больш прыземленыя. Яны заўжды разам. Тыя, якія там ёсьць, разумеюць, што іншых тут няма”.

Аляксей Кавалец, старшыня менскай гарадзкой філіі Партыі БНФ – пра падрыхтоўку да кангрэсу дэмакратычных сілаў

“Я вырашыла паўдзельнічаць у шляхетнай справе прамываньня мазгоў і выпісала яму “Советскую Белоруссию”. Гэта акрамя “Известий”, “Комсомольской правды”, “БелГазеты”, “Белорусскога рынка”. На жаль, не ўдалося выпісаць “Народнай волі”, “Нашай Нівы” і “Свободных новостей”, бо яны ня ўключаныя у каталёг”.

Тацьцяна Клімава, жонка арыштаванага палітыка Андрэя Клімава – пра ўмовы ўтрыманьня мужа ў вязьніцы.

“Хто выратуе адно жыцьцё, той выратуе сьвет”.

Надпіс на мэдалі, якім ізраільскі Мэмарыяльны інстытут катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства “Яд Вашэм” штогод уганароўвае “праведнікаў сьвету” – людзей, якія рызыкавалі жыцьцём, ратуючы габрэяў ад нацысцкага генацыду.

“У нас ёсьць вельмі шмат праблемаў, і, на шчасьце, яны ўзьнікаюць не зь віны аднаго або іншага боку, а падкідаюцца нам звонку”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у размове зь міністрам абароны Расеі Анатолем Сердзюковым.

“Я заўсёды быў праціўнікам Войцеха Ярузэльскага, я перамог і задаволены сваёй перамогай. Але хачу падкрэсьліць: Ярузэльскі ня мусіў ісьці на пагадненьне з “Салідарнасьцю”, але гэта зрабіў. Мы змагаліся за справядлівую краіну і я не хачу, каб нехта займаўся ў цяперашняй Польшчы вэндэтай”.

Лех Валэнса, былы прэзыдэнт Польшчы – пра спробы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за ўвядзеньне ваеннага становішча у 1981 годзе тагачаснага кіраўніка краіны Войцеха Ярузэльскага.
XS
SM
MD
LG