Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Тацяна Севярынец атрымала загад пра звальненьне


Радыё Свабода, Віцебск Як напісана ў загадзе, маці вядомага палітыка Паўла Севярынца, настаўніцу расейскай мовы сярэдняй школы №40, звальняюць нібыта за парушэньне працоўнай дысцыпліны – за прагулы шасьці працоўных дзён. Яна рыхтуецца абскардзіць гэты загад у судзе ды запатрабаваць ад раённага аддзела адукацыі кампэнсацыі ўласных маральных ды матэрыяльных стратаў.

Звальненьне Тацяна Севярынец лічыць незаконным і абумоўленым перадусім палітычнымі прычынамі.

"Я атрымала загад, так што 27-га красавіка ў мяне апошні дзень, а з 28-га я ўжо беспрацоўная. На загадзе я напісала, што зь ім не згодная. А потым быў бацькоўскі сход, і першае пытаньне да мяне было такое: "Тацяна Яўгенаўна, гэта за палітыку?" Я сказала: "Так, гэта таксама прычына майго звальненя. Хаця ў загадзе прычына пададзена іншая".

Загад пра звальненьне настаўніцы вышэйшай катэгорыі з амаль 36-гадовым стажам падпісаў начальнік аддзела адукацыі Першамайскага раёну Ўладзімер Шлома. Бацькі вучняў 5"А" клясы срэдняй школы №40 вырашылі бараніць клясную кіраўніцу сваіх дзяцей. Яны напісалі зварот на ягонае імя у раённую адміністрацыю.

Як распавяла маці аднаго з вучняў, у калектыўным лісьце яны палітыку не краналі, і прасілі начальніка раённага аддзела адукацыі прыняць да ўвагі перадусім высокія прафесыйныя якасьці Тацяны Севярынец.

"Ні пра якія палітычныя тэмы мы не казалі – гэтага мы не краналі. Мы проста баронім чалавека й настаўніка са свайго боку – з боку бацькоў. Нам дужа крыўдна, што яшчэ не завяршыўся навучальны год, а нашы дзеці застаюцца без кляснай кіраўніцы і без настаўніцы расейскае мовы. Канешне, прыйдзе іншы чалавек на гэтае месца, але якая гэта стрэсавая сітуацыя для дзіцяці! З гэтай настаўніцай яны дужа пасябравалі, і чалавек яна дужа прыстойны, шчыры. І вельмі крыўдна, што дзеці губляюць вось такога настаўніка!"

Зварот у аддзел адукацыі падпісалі бацькі амаль што ўсех вучняў 5 "А" клясы: 24 з 27-мі. Асобны ліст напісалі самі пяціклясьнікі, ён пачынаецца словамі: "Калі ласка, не звальняйце нашу клясную кіраўніцу Севярынец Тацяну Яўгенаўну, якая стала нам як маці, а мы – ейныя дзеці".

Падставай для звальненьня Тацяны Севярынец стала тое, што яна нібыта прапусьціла шэсьць працоўных дзён падчас вясновых вакацыяў, калі езьдзіла да дачкі ў Менск ды на сэмінар у Варшаву. Начальнік райаддзелу адукацыі Ўладзімер Шлома, які сьпярша дазволіў ёй адпачынак за ўласны кошт з 26-га па 31-га сакавіка, у апошні момант адмяніў уласнае рашэньне. Пра гэта Тацяне Севярынец паведамілі па тэлефоне, пісьмовай адмовы яна ня бачыла дагэтуль.

Спадарыня Севярынец рыхтуе заяву ў суд супраць начальніка аддзелу адукацыі. Таксама яна напісала скаргу ў пракуратуру на дырэктара школы №40 Юрыя Лаўрэнава – той не дазволіў ёй зьняць копіі са Статуту школы ды іншых дакумэнтаў, якімі рэгулюецца працоўная дзейнасьць настаўнікаў, каб зь імі маглі пазнаёміцца юрысты й адвакат Тацяны Севярынец.



Тацяна Севярынец чытае лісты, якія вучні і іх бацькі напісалі ў Першамайскую раённую адміністрацыю
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG