Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы згадзіліся аплаціць наступствы аварыі на трубаправодзе


Радыё Свабода Уласьнік расійскага трубаправоду "Унеча - Вентспілс" згадзіўся аплаціць расходы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі на ліквідацыю наступстваў аварыі. Пра гэта паведаміў журналістам 20 красавіка кіраўнік міністэрства Энвер Барыеў, паведамляе БелаПАН.

Паводле міністра, у ліквідацыі аварыі бралі ўдзел чатыры буйныя арганізацыі міністэрства: Рэспубліканскі атрад спэцыяльнага прызначэньня, Віцебскае абласное ўпраўленьне МНС, прадпрыемства "Беллесавія" і спэцатрад "Палесьсе" з Пінска (Брэсцкая вобласць), якія панесьлі выдаткі сумай каля 133 млн. рублёў. "Уласьнік трубаправода ўжо аплаціў частку нашых рахункаў", - сказаў Э.Барыеў. Ратавальныя работы ў раёне аварыі ўжо завершаны і басэйн Заходняй Дзьвіны ачышчаны ад забруджвальнікаў, адзначыў міністар.

Паводле яго інфармацыі, летась пры правядзеньні дыягностыкі трубаправода было выяўлена звыш 88 тыс. дэфектаў, з якіх 3,5 тыс. падлягалі першачарговаму ўстараненьню. "Хаця дэфэкт, з-за якога адбылася аварыя, быў вызначаны, ён не трапіў у гэты экстранны сьпіс", - заявіў міністр. Паводле яго слоў, за апошнія 10 гадоў на гэтым трубаправодзе зафіксавана восем такіх інцыдэнтаў, з якіх чатыры зьвязаны з несанкцыянаванымі ўрэзкамі для незаконнага адбору паліва.

Спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пакуль не ўстанавілі канчатковы памер экалягічнага ўрону ад наступстваў аварыі. "Як толькі гэты ўрон будзе падлічаны, уладальніку трубаправода будуць прад''яўлены адпаведныя прэтэнзіі", - сказаў Э.Барыеў.

23 сакавіка ў 18.20 на полі каля вёскі Быцева Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласьці была зарэгістравана ўцечка дызельнага паліва з расійскага магістральнага трубаправода. Аварыя была лякалізавана да 23.00 таго ж дня. Аб''ём уцечкі нафты ў выніку аварыі склаў прыкладна 120 тон.
XS
SM
MD
LG