Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апраўданьне былога судзьдзі Ярашэвіча ўступіла ў сілу


Радыё Свабода Сёньня калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду адхіліла пратэст пракуратуры Савецкага раёну на апраўдальны прысуд былому судзьдзі Сяргею Ярашэвічу. Такім чынам, апраўданьне займела юрыдычную моц. Такім чынам, скончыўся амаль гадавы перасьлед спадара Ярашэвіча за нібыта ўчыненую ім абразу судзьдзяў з Рагачову Уладзімера Саламейчука й Мікалая Рубісава

Падставай для крымінальнага перасьледу Сяргея Ярашэвіча пракуратурай стаў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду ў красавіку 2006 году. Ярашэвіч напісаў: “Волей лёсу я быў абвінавачаным у судзе Рагачоўскага раёну. За час судовых пасяджэньняў, а іх было восем, я пераканаўся, што судзьдзі Саламейчук і Рубісаў – гэта судзьдзі 1937 году, для якіх аб’ектыўнасьць, кампэтэнтнасьць і справядлівасьць пусты гук. Гэтыя судзьдзі ўчыняюць судзілішча па прынцыпу - быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.

Сьветлагорскі суд, куды была перададзена крымінальная справа супраць спадара Ярашэвіча, прызнаў яго вінаватым ў абразе рагачоўскіх судзьдзяў. Аднак на падставе скаргі Ярашэвіча калегія абласнога суду адмяніла вырак. Разьбірацца з запісам у кнізе заўваг даручана было суду Савецкага раёну.

На падставе высноваў лінгвістычнай экспэртызы судзьдзя Савецкага раёну Гомеля Віктар Купрацэвіч апраўдаў былога судзьдзю Ярашэвіча.

Пракуратура Савецкага раёну падала касацыйны пратэст на апраўдальны вырак, які сёньня калегія крымінальных спраў абласнога суду і прызнала беспадстаўным.
XS
SM
MD
LG