Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцаў працягваюць выклікаць у пракуратуру


Любоў Лунёва, Менск Кіраўнік баранавіцкай філіі “Маладога фронту” Яраслаў Грышчэня паведаміў, што на яго завялі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Паплечнікі Яраслава лічаць, што ўлады могуць пачаць перасьлед рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту”.

Справа на пяцёх менскіх актывістаў знаходзіцца ў судзе Савецкага раёну Менску. Лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтарагадовае зьняволеньне.

Яраслаў Грышчэня сёньня быў выкліканы ў Баранавіцкую пракуратуру. Ягоныя паплечнікі на працягу некалькіх гадзінаў ня могуць зь ім зьвязацца.

Зьміцер Хведарук апавёў “Свабодзе”, што ўчора, 19 красавіка, Яраслаў паведаміў сваім сябрам, што яго выклікалі ў пракуратуру і азнаёмілі з пастановай пра тое, што ён зьяўляецца падазраваным у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Гаворыць Зьміцер Хведарук:

“Яраслаў зьяўляецца лідэрам баранавіцкай філіі “Маладога фронту”. Мы непакоімся, што крымінальны перасьлед будзе распаўсюджвацца і на астатніх лідэраў “Маладога фронту”.

Нядаўна былі праведзеныя допыты ў Магілёве, у Бабруйску. Дапыталі Максама Азарава, Тацяну Буланаву, Валера Мацевіча, старшыню “Маладога фронту” ў Бабруйску ды яшчэ некалькіх сябраў у Магілёўскай вобласьці.

Такім чынам, мы думаем, што ў хуткім часе распачнецца татальны перасьлед сяброў “Маладога фронту” ў рэгіёнах”.

Крымінальная справа супраць менскіх актывістаў “Маладога фронту” Насты Палажанкі, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана і Аляксея Янушэўскага знаходзіцца ў судзе Савецкага раёну Менску. Хутка стане вядомая дата судовага паседжаньня.

Маладафронтаўцы лічаць, што ўлады могуць распачаць крымінальныя справы супраць рэгіянальных актывістаў, каб спаралізаваць дзейнасьць арганізацыі.

Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка выказала такое меркаваньне:

“Мы думаем, што гэта не канчатковы сьпіс, хаця спадзяемся, што гэтага ня будзе. Але думаем, што сьпіс будзе пашырацца, бо крымінальная справа заведзеная не канкрэтных людзей, а наагул на маладафронтаўскую дзейнасьць.

Малафронтаўцаў некалькі соцень, таму я мяркую, што крымінальны перасьлед, канечне, не сустрэне кожнага, але кожны пяты чалавек на дадзены момант зь ім сустрэнецца, хоць неяк — цягам допытаў, але пазнаёміцца”.

Маладафронтаўцы лічаць, што напярэдадні “Чарнобыльскага шляху” колькасьць сяброў арганізацыі, якіх выклічуць на допыт, можа павялічыцца.

На фота: Яраслаў Грышчэня (у цэнтры)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG