Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітрада падтрымала правядзеньне рэгіянальных кангрэсаў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску адбылося першае пасьля віленскай канфэрэнцыі паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Ягоныя ўдзельнікі пацьвердзілі рашэньне правесьці сем рэгіянальных канфэрэнцыяў, якія будуць папярэднічаць агульнанацыянальнаму Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Палітрада падтрымала прапанову аб рэгіянальных сходах апазыцыі. Яна выказалася за тое, што рашэньні міні-кангрэсаў стануць абавязковымі й для лідэраў цэнтральных структураў.

Гэта ды іншыя тэзы ўвойдуць у новы дакумэнт — “Пагадненьне агульнанацыянальных грамадзка-палітычных суб’ектаў аб падрыхтоўцы й правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных сілаў”. Праект разглядаўся сёньня, і ў ім будзе зафіксавана ўсё, пра што дамовіліся лідэры ў Вільні.

Сябра Палітрады Віктар Карняенка адзначае, што найбольш вострыя дэбаты вяліся вакол парадку дня рэгіянальных сходаў. Кансалідаваная пазыцыя рэгіёнаў, якую ён выклаў удзельнікам сёньняшняга паседжаньня, выглядае так:

“Ад пачатку праблемныя пытаньні: ці патрэбны дэмакратычным сілам лідэр, якім чынам выбіраць Палітычную раду, прэзыдыюм ды іншае? Гэта тое, пра што ідуць спрэчкі. І гэта трэба вырашаць на Кангрэсе.

Кангрэс — гэта ж ня толькі дэманстрацыйная акцыя апазыцыі. Маўляў, мы сабраліся й паказалі сьвету, што мы існуем. Кангрэс не павінен стаць формай існаваньня апазыцыі.

Калі праблемы ёсьць, дык іх трэба вырашаць. І адна з самых галоўных праблемаў — ці патрэбны лідэр. І фактычна нашы апанэнты прапануюць вярнуцца ў стан 2001 году, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у нас не было лідэра. І ўсё зноў пачыналася з нуля. Рэгіёны з гэтым ня згодныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG