Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізскія ўлады пераходзяць у наступ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Кіргізскія ўлады замацоўваюць сваю ўчорашнюю перамогу над апазыцыяй – распачатыя крымінальныя справы супраць арганізатараў учорашняй акцыі, у офісах апазыцыі адбыліся ператрусы, арыштаваныя наклады апазыцыйных газэт.

Учора позна ўвечары міліцыя разагнала абвешчаны арганізатарамі бестэрміновы мітынг пратэсту, які ідзе ў Бішкеку ад 11 красавіка. Апазыцыя патрабавала адстаўкі прэзыдэнта і датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў, бо лічыць, што Курманбек Бакіеў ня здольны на сапраўдныя рэформы.

Міністэрства ўнутраных спраў заяўляе, што 34 пратэстоўцы былі арыштаваныя толькі пасьля таго, калі натоўп пачаў кідаць камяні і бутэлькі ў паліцыю і паспрабаваў штурмаваць урадавы будынак. Пры гэтым міліцыя ўжыла сьлезацечны газ і гумавыя кулі. Паводле апазыцыі, сёньня раніцай затрыманыя былі адпушчаныя.

Сёньня ў парлямэнце адбылося абмеркаваньне гэтых падзеяў. У кулюарах у размове з журналістамі Генэральны пракурор Эльмурза Сатыбалдыеў апраўдаў дзеяньні міліцыі і заявіў, што некаторым ўдзельнікам учорашніх падзеяў пагражае да 11 гадоў турэмнага зьняволеньня. Ён ня выключыў, што гэта можа тычыцца і некаторых дэпутатаў парлямэнту.

Тыя ж арганізатары акцыі, якія не маюць дэпутацкай недатыкальнасьці, ужо выкліканыя на допыты. Улады абвінавачваюць лідэраў апазыцыі ў тым, што яны не змаглі ўтаймаваць натоўп сваіх прыхільнікаў. Апазыцыя ж заяўляе пра неадэкватнасьць дзеяньняў улады і пра тое, што яна арганізавала правакацыю. Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць аднаго з пратэстоўцаў, які расказаў, што “раптам вялікая колькасьць людзей зьявілася сярод мірных дэманстрантаў і пачала правакаваць міліцыянтаў”.

Апазыцыйны дэпутат Амурбэк Тэкэбаеў заявіў журналістам, што дэманстрацыя прыпыняецца, але “ўлады не павінны адмаўляць эфэктыўнасьць падобных дэманстрацыяў”, гэтаксама, як і “права грамадзянаў на мірныя пратэсты”. Ён таксама ня выключыў аб’яднаньня апазыцыі на новым узроўні:

“Фронт быў часовым аб’яднаньнем. Я думаю, што мы будзем працаваць у рамках руху за рэформы. І, магчыма, у нас будзе створана міжфракцыйнае аб’яднаньне пад умоўным назовам “Рэформы”.
XS
SM
MD
LG