Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: "Суботнік... сама назва нагадвае камуністычнае мінулае"


Радыё Свабода Заўтра ў Беларусі адбудзецца агульнарэспубліканскі суботнік. Апытаньне на вуліцах Горадні: ці будзеце браць удзел у заўтрашнім суботніку?

Хлопец: “Не, ня будзем. Мы заўтра й так працуем. Але ў нас гэта ўсё добраахвотна праводзіцца, я пайшоў бы”.

Ягоны сябар: “Ну трэба ж працаваць і, дарэчы, заўсёды”.

Хлопец: “Напэўна, буду. У прынцыпе, у нас гэта добраахвотная справа. Трэба неяк у горадзе прыбраць”.

Спадарыня: “Мы пералічылі ўжо грошы. Калі дзяржаве патрэбна, то, вядома, што гэта добраахвотна”.

Карэспандэнт: “А як вы асабіста ставіцеся да правядзеньня суботніка?”

Спадарыня: “Некалі ў савецкі час дзіцячая паліклініка на вуліцы Даватара была пабудаваная на сродкі, заробленыя на суботніках. І калі б у наш час гэтыя сродкі ішлі на такія мэты, то...”

Спадар: “Я заўтра на працы. Але наагул патрэбны суботнік — на ўскрайках гораду ўсё забруджана. Я жыву на Фолюшы — што вы думаеце, каб зарганізавалі людзей, яны не пайшлі б прыбраць Ласасянку? Прыбралі б і яшчэ як!”

Спадар: “Не, ня буду. У мяне свая праца, дый сваю сям’ю трэба карміць. Я, дарэчы, і так кожны дзень з раніцы да вечара працую. Я індывідуальны прадпрымальнік, і маё працоўнае месца кожны дзень прыбіраецца без усялякіх суботнікаў”.

Карэспандэнт: “А як вы ставіцеся да такой зьявы, як суботнік?”

Спадар: “Ведаеце, ужо павінна быць нешта новае замест гэтага, бо гэта нейкі архаізм — дакладней, камунізм. А мы яго, дзякуй Богу, перажылі, і будзем спадзявацца, што ня вернецца. А суботнік — сама назва нагадвае камуністычнае мінулае. Трэба мяняць”.

Спадарыня: “Пляную браць удзел”.

Карэспандэнт: “А ў вас на працы гэта добраахвотна ці?..”

Спадарыня: “Я на гэтае пытаньне адказваць ня буду”.

Хлопец: “У нас гэта добраахвотна, і, здаецца, трэба ўжо прыбрацца ў горадзе”.

Спадарыня: “Спадзяюся, што буду браць удзел, у нас гэта добраахвотна, і мне самой падабаецца, калі наш горад чысты”.

Спадарыня: “Каля свайго дому абавязкова трэба прыбраць, каб было прыгожа. Вось пагадзіцеся, калі прыбрана, то й глядзець хочацца. А я вось нядаўна была ў Расеі, у Волагдзе. Там сапраўднае дзікунства. Няма нічога на палетках, паўсюль бруд. Каб вы туды заехалі, то жахнуліся б. Так што трэба ў сябе прыбіраць”.

Хлопец: “Я вучуся заўтра, я студэнт ГрДУ. У нас было нешта падобнае раней, хадзілі на могілкі, прыбіралі пажоўклае лісце. Трэба такое рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG