Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як пачую Лукашэнку, не знаходжу сабе месца"


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за пятніцу 20 красавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Анатоль Сахаруша, Бярозаўскі р-н: “Я катэгарычна супраць суботнікаў у тым выглядзе, у якім яны існуюць на сёньня, калі кіраўнікі нават ня лічаць патрэбным папярэдзіць людзей аб іх правядзеньні, а гвалтоўна забіраюць аднадзённы заробак. Быў такі выпадак. Зьвяртаюся да пракурора раёну. Пракуратура праводзіць праверку і пацьвярджае парушэньне закону. Кіраўніцтва, галоўны бугальтар папярэджаны аб недапушчальнасьці такіх парушэньняў у будучым. Грошы мне вяртаюць. Але ж застаецца пазайздросьціць вынаходніцтву нашых чыноўнікаў. Цяпер складаюць сьпісы працаўнікоў, у якім указаны дзённы заробак. Ты павінен прынесьці гэтыя грошы, расьпісацца. Каму ты зараз будзеш скардзіцца? Сам прынёс, аддаў добраахвотна. Табе падзякуюць за сьвядомасьць, хаця перад усім напомняць і пра кантракты, і пра прэміі, і пра шмат што іншае".

Сталы слухач: “Ёсьць такі жарт. Вучань прыйшоў дахаты і тата пытаецца, як іспыт. Той кажа: “Нічога сабе. Толькі вельмі набожны настаўнік наш”. “Чаму?” “Пасьля кожнага майго адказу ён кажа: “О, Божачка!” Вось і я кажу: “О, Божачка!”, як пачую Лукашэнку ці пачытаю тое, што ён кажа, не знаходжу сабе месца. З глузду можна зьехаць! Прыехаў нейкі банкір да нас з Расеі. Вось што ён яму кажа, як паказалі, як певень пёры распусьціў: “Ды нас інвэстыцымі задушылі. У нас іх колькі заўгодна! Бяры колькі хочаш! Ужо рэгуляваць пачалі!”.

Спадарыня: “Паслухаўшы радыё, тэлевізар, я не магу замаўчаць несправядлівасьць, бо хваліцца наш прэзыдэнт, як ён добра дапамагае ў сельскай мясцовасьці і нават тым, хто пераяжджае ў сельскую мясцовасьць. Я вось пераехала ў сельскую мясцовасьць, а не магу нават надзела атрымаць пад будаўніцтва ўжо больш за два месяцы. Мы ж лічымся шматдзетнай сям’ёй. Па палях езьдзяць, зьбіраюць каменьне. Я прасіла, каб мне прывезьлі такога каменьня. Не, лепш вывернуць у кусты, забрудзіць лес, але ня даць чалавеку камянёў! Наколькі гэта ўсё нізка, мяне гэта проста абурае! Абурае тое, што стаіць, здаецца, новы кароўнік, але ён бяз даху, і там стаяць каровы. Трэба ж падумаць пра жывёлу, што ёй таксама холадна. Яна ж нямая, яна ня можа нічога сказаць. Чаму ж на гэта спакойна і свабодна глядзіць наш прэзыдэнт? Няўжо ён, пралятаючы, на верталёце, ня бачыць гэтых будынкаў страшных, аварыйных?! Па гадах яны новыя, але не дагледжаныя. Яны занядбаныя. Стаяць будынкі, якія можна пусьціць пад жыльлё, на фэрмы ў сельскай мясцовасьці. Але ўсё гэта ня робіцца. Усё раскідваецца, усё зьнішчаецца. Баліць мая душа глядзець на гэта, глядзець на бедных пэнсіянэраў, якія дажываюць і аддалі гэтаму калгасу больш за 50 год. Яны ж працавалі, яны яго падымалі. А на сёньняшні момант яны кінутыя, за імі не глядзяць…”

Сьвятлана Сачанка, Менск: “Мяне незаконна звальняюць з працы. Я год адпрацавала па кантракце, і кіраўніцтва вырашыла не працягваць са мной працоўную дамову. Я лічу, канечне, што гэта незаконна, таму што я добра спраўлялася з працай, нават атрымлівала што месяц прэміі. І я лічу, што гэта парушэньне правоў працоўнага і правоў чалавека. Калі чалавека проста так выкідваюць на вуліцу, без усялякіх падстаў, без усялякіх прычынаў, толькі таму, што, скажам, кіраўніцтву спадабаўся нехта іншы, ці нехта іншы мае больш прымальныя для ўраду палітычныя погляды, то гэта парушэньне хрысьціянскіх законаў. Гэта не на боску, гэта вялікі грэх. І я ўпэўнена, што тыя людзі, якія ўчынілі гэта злачынства супраць мяне, пакінуўшы мяне беспрацоўнай… Я ня ведаю, на якой падставе, можа, нехта зайздросьціць, можа, нехта думае, што калі ў мяне хата, бібліятэка, то я магу і не працаваць і не зарабляць сабе стаж. Але ўсё роўна, чым бы гэта не было прадыктавана, я думаю, што вінаватыя будуць пакараныя, калі не законам, дык Госпадам Богам. І яны атрымаюць усё ў трайным памеры ад таго, што яны мне прычынілі. Таму што я дворнікам…”

Спадарыня: “Спрэчныя пытаньні звычайна накіроўваюцца ў Канстытуцыйны суд пасьля таго, як усе варыянты для прымірэньня бакоў былі выкарыстаны. Вельмі падазрона выглядае пасьпешнасьць Януковіча. Спрабуючы зьняць зь сябе адказнасьць, ён першы зьвярнуўся у Канстытуцыйны суд, а затым па дапамогу да прэзыдэнтаў іншых краінаў, а таксама ў ПАСЭ, тым самым пасьпяшаўся вынесьці сьмецьце з хаты. Вельмі слушную пазыцыю прынялі прэзыдэнты Польшчы, Літвы, а таксама ПАСЭ, не прымаючы ні адзін бок, бо Ўкраіна сама павінна знайсьці выйсьце з дадзенай сытуацыі. Калі Януковіч лічыць сябе джэнтэльмэнам, то як віноўнік канфлікту, павінен забраць іск з Канстытуцыйнага суду, папрасіць прабачэньня ў прэзыдэнта. Віктар Юшчанка чалавек не злапамятлівы, дабрадушны, прабачэньне прыме, ліквідуе ўказ пра роспуск Рады, і канфлікт закончаны. Няўжо так цяжка, складана зрабіць гэта? Карацей, Януковіч вінаваты, і ён павінен зрабіць тое, што я прапаную”.

Спадар: “Апазыцыя гатовая праводзіць чарговую дэманстрацыю ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй. Мая прапанова асабіста ўсіх іх адправіць на чале з завадатарамі ў Чарнобыльскую зону, дзе 40 Кю\кв.км і няхай яны там мітынгуюць. І няхай там мітынгуюць адзін тыдзень, два тыдні, колькі заўгодна. Лукашэнка і ўрад, і абласныя органы завязуць іх на аўтобусах туды і зробяць іх дэсантамі. Мы тады прыглядзімся, што гэта за людзі і якую яны хочуць дэмакратыю і свабоду. Будзе ім там свабода. Мы тады прыхілімся да іх і будзем іх браць ва ўрад, у дэпутаты і гэтак далей. А калі не, зь імі разьлік дрэнны. Ні адзін беларус, сумленны беларус да іх ня пойдзе. Гэта толькі даляры там. Арудуе там аранжавы вяночак ва Ўкраіне. Гэта даляры. Хіба за іх сумленныя людзі пойдуць?! Не! Дурняў, моладзь гэту спойваюць і накіроўваюць ня ў тое рэчышча, у якое трэба. Знайдзіце Вы хоць адзін аб’ект, дзе апазыцыя ўзяла і паказала, як працаваць, як арганізоўваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG