Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аграмадныя шансы на выігрыш дае Гамбургская Урадовая Лётэрыя”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 20 красавіка ў розныя гады мінулага.

На старонках “Гоману” ў 1917 годзе побач са зьвесткамі з франтоў першай сусьветнай вайны можна ўбачыць такую абвестку: “Аграмадныя шансы на выігрыш дае Гамбургская Урадовая Лётэрыя, розыгрыш каторай скора адбудзецца. Адзін мільён марак — найвялікшы глаўны выігрыш... Тыражныя спісы і выіграныя грошы — ураз-жэ пасьля кожнаго розыгрыша. Офіцыальные пляны дадаюцца дарма. Радзіцца заказаць некалькі лёсаў, бо тады шансы на выігрыш шмат вышэйшыя”.

На гэтым тыдні 1927 году “Беларуская Крыніца” паведамляе: “Новая дэлегацыя з Жодзішак да Я.Э. Арцыбіскупа прыяжджала 11.IV.27 з просьбай даць ім ксяндза Беларуса. На просьбе тысяча з паловай подпісаў. Гэта ўжо трэцяя дэлегацыя. Кожнай зь іх Арцыбіскуп адказвае, што прышле каталіка. Слушна яму на гэта зазначыў адзін са складу астатняй дэлегацыі, што яны і просяць каталіка, але Беларуса. Арцыбіскуп на гэта не згадзіўся”.

Натрапіў я на ўласны допіс у штотыднёвіку “Культура” на гэтым тыдні 1997 году з нагоды загаду №104 Мінкульту аб забароне ў канцэртнай практыцы фанаграмы: “Лепшым адказам на падпісаны спадаром міністрам дакумент зробіцца практыка... Другі момант — грамадская думка. Але тое настане не так хутка: пакуль што ў сваёй большасці публіка замілавана апладзіруе тым імітатарам ад песні, якія непрыхавана лічаць яе, публіку, за дурняў. А тыя ў адказ яшчэ і кветкі цягнуць на сцэну...”
XS
SM
MD
LG