Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмія Ластоўскага адзначыць лепшых беларускіх выкладчыкаў


Іна Студзінская, Менск Шэраг грамадзкіх арганізацыяў заснавалі новую прэмію імя выбітнага беларускага навукоўцы, грамадзкага дзеяча, акадэміка Вацлава Ластоўскага. Ёй будуць уганараваныя выкладчыкі, у першую чаргу дакладных навук, якія чытаюць свае лекцыі па-беларуску.

Сярод заснавальнікаў новай прэміі імя Ластоўскага -- Таварыства беларускай школы, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Беларускі ПЭН-цэнтар. Гутару са старшынём Таварыства беларускай школы Алесем Лозкам:

“Асноўная мэта – падтрымаць тых выкладчыкаў, прафэсараў беларускіх навучальных установаў, якія выкладаюць па-беларуску”.

Карэспандэнтка: “Тут маюцца на увазе выкладчыкі ня толькі беларускай мовы, літаратуры, а выкладчыкі, якія выкладаюць фізыку, дакладныя навукі?”

Лозка: “Так, перавага будзе аддавацца не выкладчыкам мовы, гісторыі, іншых гуманітарных навук. Мы дамовіліся, што спачатку неабходна падтрымаць сапраўды матэматыкаў, фізыкаў, хімікаў, біёлягаў”.

Анкета для кандыдатаў на прэмію будзе надрукавана ў беларускіх СМІ (“Зьвяздзе”, “Настаўніцкай газэце”). Сябры прэміяльнай Рады маюць намер наведваць лекцыі, якія чытае прэтэндэнт на прэмію. Ня выключана, што сама Рада будзе вылучаць кандыдатаў, бо не сакрэт, што няшмат засталося беларускамоўных выкладчыкаў, кажа Алесь Лозка.

“Такіх у нас засталося няшмат. Таму мы разьлічваем, можа, не на такі вялікі наплыў намінантаў, як на будучыню: маўляў, такая справа падтрымліваецца. Зразумела, што Міністэрства адукацыі гэта ня вельмі ухваляе, яно гэтым не займаецца, таму даводзіцца выконваць ролю Міністэрства адукацыі нам, недзяржаўным арганізацыям. Ня кожны сёньня выкладчык, які нават і чытае свае лекцыі па-беларуску, захоча сьвяціцца, паказваць гэта. Мы гэта усё разумеем, і паспрабуем падыйсьці індывідуальна да кожнага”.

У склад арганізацыйна-прэміяльнай рады увайшлі старшыня ТБШ Алесь Лозка, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргей Запрудзкі, старшыня “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, юрыст Яраслаў Крывы, філёляг Віталь Алісёнак.

Першыя ляўрэаты прэміі імя Вацлава Ластоўскага будуць вызначаныя ужо ў чэрвені.
XS
SM
MD
LG