Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацк: швэды вяртаююца ў сталіцу крывічоў


Вінцэсь Мудроў, Полацк Учора ў Полацкай гарадзкой карціннай галерэі з ініцыятывы аддзяленьня пасольства Швэцыі ў Менску, адкрылася выстава сучаснай швэдзкай графікі. Гэта ўжо ня першая культурніцкая акцыя, зладжаная тут прадстаўнікамі скандынаўскай краіны.

У Швэцыі сёньня расьце цікавасьць да Беларусі і да старажытнага Полацку ў прыватнасьці. І зьвязана гэта з больш як тысячагадовай гісторыяй дачыненьняў паміж Сьвейскім берагам і Палцескюборгам – так у скандынаўскіх сагах называлася старажытная сталіца крывічоў.

Адкрыў выставу старшыня Полацкага гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла. Ён, у прыватнасьці, распавёў пра сваю паездку ў Швэцыю, заўважыўшы, што быў на тым месцы, адкуль конунг Рынгвальд – першы полацкі князь Рагвалод – выправіўся са сваёю дружынаю ў краіну Крывічоў. Слова ў адказ прамаўляў вядомы швэдзкі мастак Мікаэл Шыльман.

(Шыльман:) “Што датычыць мяне як мастака, дык я прыяжджаю сюды не дзеля навязаньня палітычных кантактаў, а каб разьвіваць культурніцкія сувязі і каб азнаёміцца з жыцьцём у вашай краіне”.

Апошнім часам у швэдзкім і беларускім друку шмат пішуць пра аднаўленьне славутага шляху з варагаў у грэкі праз Дзьвіну і Дняпро -- гэтым разам у турыстычнай вэрсіі. Мы пацікавіліся ў спадара Шыльмана – якія пэрспэктывы мае арганізацыя міжнароднага турыстычнага маршруту.

(Шыльман:) “Разьвіцьцё падобнага турызму – вельмі складаная справа. Што датычыць Швэцыі, я магу шмат распавесьці пра тое, як у нас разьвіваецца турызм, з чаго можна пачаць такую працу. Беларусам, відаць, трэба падумаць, як рэпрэзэнтаваць сваю краіну, прыцягнуць сюды турыстаў. Але гэта, паўтаруся, складаная справа”.

На выставе прысутнічаў практычна ўвесь тутэйшы культурніцкі бамонд. Мастакам было цікава даведацца, што мастацтвам у Швэцыі апякуецца непасрэдна кароль Карл XVI Густаў, і што бальшыня экспанаваных тут прац належыць Каралеўскай калекцыі графікі. Мастак Міхась Ляўковіч пракамэнтаваў гэта наступным чынам:

(Ляўковіч:) “Тое, што мы сёньня тут бачым, безумоўна, ня кожны зразумее. Таму, што мастакі ў пошуку, выкарыстоўваюць сучасныя падыходы да трактоўкі кампазыцыі, да сюжэту. Але ня будзем забываць на тое, што мы жывем у новым 21-м стагодзьдзі, адпаведна, мусяць быць новыя адкрыцьці. Хочацца пажадаць, каб і нашыя ўладары таксама цікавіліся мастацтвам, зьбіралі такога кшталту калекцыі. “
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG