Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўплывае масавая культура на гвалт у рэальным жыцьці?


Тацяна Поклад, Прага Студэнт, як мяркуецца, псыхічны хворы, які забіў на гэтым тыдні ў кампусе унівэрсытэту ў Вірджыніі 32 чалавекі, у часе страляніны спыняўся, каб даслаць свае выявы ў СМІ, – відавочна, пад уплывам сюжэтаў з гвалтам у моладзевай масавай культуры. Ці бясшкодныя сцэны гвалту, якія часьцяком можна бачыць ў фільмах і відэагульнях і нават у інфармацыйных праграмах? Ці дасьледуюць навукоўцы гэтую праблему?

Гэтае пытаньне сапраўды цікавіць навукоўцаў, і адпаведныя дасьледаваньні праводзяцца. Да прыкладу, вось да якіх высноваў прыйшоў прафэсар Кэйвін Браўн, псыхоляг-крыміналіст з Брытанскага ўнівэрсытэту ў Бірмінгеме, які дасьледаваў уплыў сцэнаў гвалту ў СМІ на маладых людзей.

Гвалту вучацца змалку?

Паводле навукоўца, тое, як паўплываюць сцэны гвалту з масавай культуры на маладога чалавека, залежыць ад таго досьведу, які ён атрымаў чалавек у першыя гады жыцьця. Калі чалавек гадаваўся ў агрэсіўным асяродзьдзі, сутыкаўся з рознымі формамі гвалту ў сваёй сям’і, то сцэны гвалту з відэазапісаў, з навінаў альбо мастацкіх стужак, будуць абуджаць у такога чалавека агрэсію.

Больш таго, такія людзі могуць нават зрабіцца залежнымі ад выяваў гвалту, з’явіцца нешта накшталт наркатычнай залежнасьці.

З іншага боку, дзеці, якія гадаваліся ў атмасфэры сардэчнасьці і любові, могуць на нейкі час зацікавіцца фільмамі і гульнямі, дзе ёсьць сцэны гвалту, але гэта праміне і не закране іх сьвядомасьці. Больш таго, сцэны гвалту, якія яны пабачаць на экранах і маніторах кампутараў, могуць у такіх людзей сфармаваць трывалае непрыйманьне гвалту ў любой форме ў рэальным жыцьці. Гэта тычыцца ўсіх узростаў дзяцей, ад самага раньняга да падлеткавага.

“Сцэны гвалту, забойстваў, якія такі чалавек бачыць у фільмах, павялічваюць яго агрэсію”.


Калі людзі сутыкаліся з гвалтам у дзяцінстве,– да прыкладу, калі ў сям’і было прынята ўжываць фізычнае пакараньне непаслухмяным дзецям,– яны атрымалі своеасаблівы досьвед таго, што гвалт можа вырашыць розныя праблемы, што гэта магчымы і прыймальны шлях у жыцьці. І пазьней, ужо ў дарослым узросьце, калі такі чалавек атрымлівае больш сілы і магчымасьцяў, ён не выключае магчымасьці самаму ўжываць гвалт супраць іншых людзей. А сцэны гвалту, забойстваў, якія такі чалавек бачыць у фільмах, павялічваюць яго агрэсію.

Але не гэтыя кадры гвалту з экранаў робяць такога чалавека агрэсіўным. Ён ужо быў агрэсіўным чалавекам, у выніку таго асяродзьдзя, той атмасфэры, у якой прайшло ягонае дзяцінства. Так што ўплыў гвалту з масавай культуры – у тым, што ў агрэсіўных людзей сцэны гвалту павялічваюць агрэсію, але не яны фарміруюць гэтую агрэсію.

Агрэсія забойцы зь Вірджыніі грунтавалася на сцэнах з баевікоў?

На цяперашні момант мала вядома пра дзяцінства Чо Сын Хі, 23-гадовага студэнта, які на гэтым тыдні забіў 32 чалавекі ў студэнцкім гарадку ў Вірджыніі, аднак сёньня стала вядома, што ён даслаў у дзень злачынства фотаздымкі, відэазапісы ў амэрыканскую кампанію Эн-Бі-Сі.

Паводле псыхолягаў, відавочна, што выявы, дасланыя забойцам зь Вірджыніі на тэлевізію, скапіяваныя з таго, што можна бачыць у масавай культуры. Прафэсар Кэйвін Браўн з Вялікай Брытаніі заявіў, што ня мае сумненьняў у тым, што здымкі і відэазапісы, дасланыя забойцам, зробленыя ім пад уплывам таго, што ён бачыў у фільмах з героямі накшталт тых, у якіх граюць Арнольд Шварцнэгер, Сільвэстэр Сталонэ.
XS
SM
MD
LG