Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праз 3 дні Францыя будзе абіраць прэзыдэнта


Юры Дракахруст, Прага У гэтую нядзелю ў Францыі адбудзецца першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Завяршаецца эпоха 12-гадовага кіраваньня Жака Шырака.

Лідзіруюць трое

На пасаду кіраўніка Францыі прэтэндуе тузін кандыдатаў. Але найбольш папулярныя трое: былы міністар унутраных спраў, кіраўнік правага Саюзу за народны рух Нікаля Сарказі, сацыялістка Сэгален Руаяль і былы міністар адукацыі Франсуа Бару. Паводле апошніх апытаньняў, за Сакразі гатовыя галасаваць 27 працэнтаў выбарцаў, за Руаяль – 23, за Бару –19.

Сарказі эксплюатуе вобраз жорсткага лідэра

Паводле экспэртаў, выбарчая кампанія не вызначаецца нейкай адзінай тэмай, адзіным сюжэтам. Хаця ў пэўным сэнсе ключавой тэмай кампаніі сталі паводзіны Сарказі на пасадзе міністра ўнутраных справаў у 2005 годзе, калі Францыю страсалі этнічныя забурэньні выхадцаў з краінаў Магрыбу.

Тады Сарказі дзейнічаў па францускіх мерках даволі рашуча, выступаў за дэпартацыю на радзіму ўдзельнікаў беспарадкаў, якія ня маюць францускага грамадзянства. Гэты вобраз лідэра, які здольны навесьці парадак, у тым ліку і ў пытаньнях іміграцыі, сагнуць шыю злачынцам, былы міністар выкарыстоўвае і ў сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Ягоныя апанэнты абвінавачваюць Сарказі ў разьдзьмухваньні нацыяналістычных пачуцьцяў, параўноўваюць яго з Жан Мары Ле Пэнам – лідэрам ўльтранацыяналістычнага Нацыянальнага Фронту, які на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах выйшаў у другі тур.

Пэўны парадокс палягае ў тым, што францускую ідэю і строгасьць адносна імігрантаў адстойвае палітык, які сам зьяўляецца сынам імігрантаў з Вугоршчыны. Але у францускай палітычнай традыцыі аснова нацыі – ня кроў, а дух, што і нагадаў Сарказі падчас нядаўняй цырымоніі ўручэньня францускіх пашпартоў групе імігрантаў.

“Францыя ня просіць, каб вы забылі, адкуль вы. Францыя пабудаваная не на сьціраньні асабістага досьведу, а на салідарнасьці. Францыя пабудаваная на ўзбагачэньні уласнай ідэнтычнасьці праз нацыянальную ідэнтычнасьць. Быць французам для кожнага з вас – гэта нечым узбагаціцца, а не нешта страціць”.

Сарказі за свабоднае сяброўства з ЗША

Днямі лідэр прэзыдэнцкай гонкі выклаў сваё бачаньне міжнароднага курсу Францыі, заявіўшы: “Калі Вы хочаце ведаць, да каго я бліжэй – да ЗША ці да Расеі, якая паводзяць сябе так, як мы гэта бачылі ў Чачні, то я бліжэй да Злучаных Штатаў”, – заявіў Сарказі, дадаўшы, што Францыя павінна стаць сябрам ЗША, але “свабодным сябрам – менавіта такую пазыцыю займаў генэрал дэ Голь”.

Пасьля Жака Шырака, які фактычна ўзначаліў антыамэрыканскую кампанію ў сувязі з вайной у Іраку, такія слова ў Вашынгтоне успрымаюць з задавальненьнем, аднак спасылка Сарказі на дэ Голя, чыё стаўленьне да Амэрыкі было, мякка кажучы, складаным, паказвае, што Францыя застаецца Францыяй.

Руаяль – за захаваньне сацыяльнай дзяржавы

Сэгален Руаяль апануе Сарказі як ва ўнутранай, гэтак і ў эканамічнай палітыцы. Яна выступае за больш мяккае стаўленьне да мігрантаў з былых францускіх калёніяў. Нядаўна адзін з яе дарадцаў заявіў, што Францыя павінна прынесьці прабачэньні народам былых калёніяў за каляніяльны прыгнёт.

Калі Сарказі выступае за жорсткія эканамічныя рэформы на англасаксонскі ўзор, то Руаяль адстойвае захаваньне цяперашняй мадэлі шчодрай сацыяльнай дзяржавы:

“Я буду прэзыдэнтам рэспублікі, які гарантуе захаваньне нашай сацыяльнай сыстэмы, нашай сацыяльнай мадэлі, я захаваю нашае сацыяльнае забесьпячэньне і кансалідую яе, узмацніўшы сацыяльную абарону старых і інвалідаў”.

Бару даганяе лідэраў

На працягу доўгага часу здавалася, што палітычнае спаборніцтва будзе разгортвацца менавіта паміж Сарказі і Руайяль. Але літаральна ў апошнія месяцы рэзка пайшоў угару рэйтынг папулярнасьці цэнтрыста Франсуа Бару. Зараз ён амаль дагнаў лідэраў. Бару таксама выступае за рэформы, але не за такія жорсткія і ўсёабдымныя, як Сарказі. Ён усяляк падкрэсьлівае сваё паходжаньне з вясковай глыбінкі, што дае яму шмат галасоў фэрмэраў.

Бару даволі папулярны ў парыскіх прыгарадах, населеных пераважна мігрантамі, пры гэтым цэнтрысцкі кандыдат нагадвае, што Сарказі падчас паездкі ў адзін з такіх раёнаў ахоўвалі 300 паліцыянтаў.

Экспэрты мяркуюць, што калі Бару выйдзе ў другі тур, які адбудзецца 6 траўня, ён можа і перамагчы Сарказі , забраўшы галасы памяркоўных выбаршчыкаў.
XS
SM
MD
LG