Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя рыхтуе рэгіянальныя “міні-кангрэсы”


Уладзімер Глод, Менск Кіраўнік Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі рэгіёнаў. Яны раіліся, як правесьці ў абласьцях і сталіцы рэгіянальныя сходы. Гэтыя міні-кангрэсы апазыцыі будуць папярэднічаць агульнанацыянальнаму Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Сябра Палітрады Віктар Карняенка адказвае за рэгіянальную дзейнасьць. Ён цьвердзіць: сёньняшняя нарада паказала, што ў рэгіянальных лідэраў існуе адзіная пазыцыя.

“Рэгіёны заўсёды адрозьніваліся больш кансалідаванай пазыцыяй — параўнальна з цэнтральнымі структурамі. У рэгіёнаў ёсьць разуменьне таго, што ёсьць канфлікт у аб’яднаных дэмсілах. Яны гатовы выступіць арбітрамі ў вырашэньні гэтага канфлікту. Але гэта не арбітры збоку, а тыя людзі, якія працуюць на агульную дэмакратыю”.

Старшыня менскай гарадзкой філіі Партыі БНФ Аляксей Кавалец гаворыць, што правядзеньне рэгіянальных сходаў — “добры, але вымушаны крок”:

“Цэнтар ня можа дамовіцца. Амбіцыі ў цэнтры перахлёстваюць занадта. А ў рэгіёнах людзі больш прыземленыя. Яны заўжды разам. Тыя, якія там ёсьць, разумеюць, што іншых тут няма. Яны робяць агульную справу й ніколі ня сварацца, калі цэнтар ім не загадае рабіць нейкую мяжу. Маўляў, вы камуністы, а яны — сацыял-дэмакраты. І трымайце дыстанцыю.

І таму рэгіёны ўзбуджаюць ініцыятыву — давайце зробім так, каб мы прымалі рашэньне таксама. Таму што выконваць рашэньні даводзіцца рэгіянальным структурам, а не вярхушцы. Вярхушка толькі прымае рашэньні, а выконваць іх трэба рэгіяналам”.

Рэгіянальныя лідэры сёньня выказаліся за тое, каб на абласных сходах галоўнымі сталі праблемныя пытаньні.

Яны ня супраць стратэгіі дзеяньняў, “Малой Канстытуцыі”, эканамічнай плятформы. Але ў поглядах на гэтыя дакумэнты няма вялікіх разыходжаньняў.

А супярэчнасьці ёсьць наконт таго, ці патрэбны дэмакратычным сілам адзіны лідэр, як яго абіраць, як фармаваць склад Палітрады. Менавіта гэта, на думку прадстаўнікоў рэгіёнаў, і мусіць стаць галоўным.
XS
SM
MD
LG