Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я хацела б, каб намі кіраваў іншы прэзыдэнт, іншы чалавек зь іншай палітыкай”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 19 красавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Доктар Міхаіл Леках, Рыга: “Я тэлефаную вам у сувязі з пытаньнем і адказам Вашых вядомых дзеячаў апазыцыі наконт дэманстрацыяў у Расеі і гэтак далей. Пытаньне было пастаўлена, можна лічыць, напаўкарэктна. Адказы былі зусім некарэктнымі. Чаму? Адказваю. Ва ўсіх цывілізаваных краінах насамрэч ёсьць дэманстрацыі і гэтак далей. Але спачатку яны заяўляюцца, мясцовыя ўлады даюць дазвол, пасьля гэтага паліцыя забясьпечвае парадак, перакрывае дарогі па маршруту, стаяць хуткія дапамогі. Я гэтымі пытаньнямі цікавіўся ў Заходняй Эўропе: у Ангельшчыне, Францыі, Нямеччыне. Я аб’ехаў усю Эўропу. Дык трэба ж праўду сказаць, што дэманстрацыя павінна быць дазволена. Расейскія дэманстрацыі не былі дазволеныя. Дык гэта ж два зусім розных віды дэманстрацый, спадарства”...

Спадарыня: “Мяне незаконна звальняюць з працы, не працягваюць кантракт. Я выдатна працавала ўвесь год і атрымлівала кожны месяц прэмію за перавыкананьне пляну. Але тым ня менш кіраўніцтва вырашыла выганяць мяне на вуліцу. І я адчуваю сябе бяспраўным сабакам, але я разумею, што я чалавек. І я хачу, каб як найхутчэй Лукашэнка пакінуў сваю пасаду... І ён ня варты кіраваць нашай краінай. Я хацела б, каб намі кіраваў іншы прэзыдэнт, іншы чалавек зь іншай палітыкай. Калі такія людзі, як я, застаюцца на вуліцы, гэта не краіна і гэта не ўрад. Я не хачу ісьці на вуліцу, падмятаць вуліцы, не хачу быць дворнікам. Я атрымала вышэйшую адукацыю. Дзяржава выдаткавала на мяне вялікія сродкі, і я дворнікам працаваць не пайду. Я буду шукаць сабе іншую краіну зь іншым прэзыдэнтам. Адью, дарагі Лукашэнка!”

Анастас Семяновіч: “На пытаньне, ці будзеце Вы ўдзельнічаць у суботніку, я лічу, што трэба пры нашай культуры людзей удзельнічаць. Я ўпэўнены, што ў Эўропе ці Прыбалтыцы ніякіх суботнікаў няма – у іх вельмі высокая культура і ідэальная чысьціня паўсюль. Ніхто недакурак ці паперку там ня кіне, акрамя расейскіх мафіёзьнікаў. Калі я служыў у войску ў ГДР у 51-56 гг., там у іх быў ідэальны парадак паўсюль. Магілы загінулых салдат былі дагледжаны... У суботніку я ўдзельнічаць ня буду. Час заканчваць гэтую бальшавіцкую дурасьць. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Сёньня 19 красавіка пачуў, што ў сувязі з кульгавай беларускай эканомікай, Расея адклала аплату за газ і нафту па эўрапейскіх коштах да 2008 года. А з нас, карыстальнікаў, аплату гэту дзяруць па новых коштах. Ацяпленьне ўжо даўно адключана, антонаўскага яблыка нідзе з агнём ня знойдзеш, усе салаты прывезеныя. Вось да чаго прывяла калгасна-саўгасная сыстэма Лукашэнкі, і ўтопія працягваецца”.

Спадар: “Адвакат павінен выконваць абарону ў судзе з дапамогай усіх дзейных законаў. Аднак у нас адвакат павінен падтрымліваць карны суд і карную пракуратуру, а то яго здымуць. У Беларусі няма ні справядлівага суду, ні пракуратуры, ні адвакатуры. І гэта з дапамогай апазыцыі ўбачыў увесь сьвет. Ды і сама апазыцыя пераканалася. Можа, з часам гэтыя пракуроры, адвакаты і судзьдзі панясуць пакараньне ці знойдуцца людзі, якія самі іх пакараюць. Хаця будучы пры ўладзе, ні Шушкевіч, ні Грыб, ні іншыя ня ставілі пытаньне пакараньня бальшавіцкай намэнклятуры. Вось яны і адчулі беспакаранасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG