Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолела апазыцыя пераадолець супярэчнасьці?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сябра Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Віктар Карняенка.

“Рашэньні ў Вільні — вялікі крок у пошуках кампрамісу”

Валер Карбалевіч: “Апазыцыйныя лідэры нарэшце дасягнулі згоды наконт спрэчнага пытаньня. Маецца на ўвазе правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

На сайтах зьявілася даволі супярэчлівая інфармацыя пра канфэрэнцыю ў Вільні. Які склад гэтага форуму? Як будуць вызначацца дэлегаты на КДС?”

Анатоль Лябедзька: “Віленская канфэрэнцыя аказалася пасьпяховым мерапрыемствам. Там было вырашана больш, чым плянавалі. Мы зрушылі наперад у пераадоленьні рознагалосьсяў. Але журналісты ўнесьлі шмат блытаніны, таму трэба выразна зафіксаваць, пра што мы дамовіліся. Паколькі Палітрада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і пагадняльная камісія не змаглі вырашыць супярэчнасьцяў, мы перанесьлі пытаньне аб правядзеньні КДС у рэгіёны.

Мы праводзім сем рэгіянальных канфэрэнцыяў. У іх удзельнічаюць тыя, хто прайшоў кампанію мясцовых выбараў, выбараў у Палату прадстаўнікоў, удзельнікі папярэдняга кангрэсу, якія прайшлі праз рэгіянальныя сходы.

Яны павінны разгледзець дакумэнты КДС, вызначыць парадак дня, вырашыць пытаньне аб лідэрстве, дэлегатах кангрэсу, кіроўных органах кааліцыі.

Рашэньне рэгіянальных сходаў будзе законам для ўсіх лідэраў. Агульныя правілы правядзеньня гэтых сходаў будзе вызначаць аргкамітэт на чале са спадаром Бухвоставым. Галасаваньне будзе складвацца й рашэньні прымацца большасьцю”.

Віктар Карняенка: “Насамрэч рашэньне Палітрады АДС у Вільні не прымалася. Але была дасягнутая згода большасьці суб’ектаў Палітрады, якія там былі. Прычым, рашэньне прынятае аднагалосна. Але не было вырашана, што КДС абавязкова пройдзе ў траўні. Ня трэба сёньня вызначаць канкрэтнай даты. Рэгіянальныя сходы павінны вызначыць усе спрэчныя пытаньні апазыцыі.

Рашэньні ў Вільні — гэта калі не прарыў, то вялікі крок насустрач адзін аднаму ў пошуках кампрамісу. 20 красавіка павінна адбыцца паседжаньне Палітрады АДС. Там мы атрымаем сьпісы патэнцыйных удзельнікаў кангрэсу, а таксама праекты дакумэнтаў, якія павінны прыняць на КДС.

Мяркую, што рэгіянальныя канфэрэнцыі можна правесьці цягам двух тыдняў. У такім выпадку КДС сапраўды можа адбыцца ў траўні.

Які будзе парадак дня Кангрэсу дэмакратычных сілаў?

Карбалевіч: “Цяпер наконт парадку дня будучага кангрэсу. Пра што ўсе суб’екты кааліцыі дамовіліся, а пра што пакуль няма згоды?”

Лябедзька: “Важна тое, што ёсьць згода паводле пакету дакумэнтаў, якія складаюць пазытыўную альтэрнатыву, эканамічныя і палітычныя прапановы апазыцыі.

А таксама ёсьць згода наконт стратэгіі сумесных дзеяньняў. Гэтыя дакумэнты ўхваленыя Палітрадай АДС і Віленскай канфэрэнцыяй, дзе прысутнічала больш шырокае кола прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Неразьвязанымі застаюцца пытаньні рэфармаваньня кіраўніцтва АДС. Усе канстатуюць, што ў цяперашнім стане Палітрада АДС нядзеяздольная. Таксама ня вызначыліся адносна лідэрства ў кааліцыі”.

Карняенка: “Ёсьць два блёкі пытаньняў. Першы блёк — пытаньні адказу апазыцыі на выклікі часу, найперш у эканамічнай і палітычнай сфэры. Другі блёк — праблемы самаарганізацыі самой апазыцыі.

Дык вось, у першым блёку пытаньняў няма разыходжаньня. Але толькі ў гэтым блёку КДС ня будзе самадастатковым. Каб выконваць прынятую стратэгію, трэба мець добра арганізаваную апазыцыйную кааліцыю.

А тут ёсьць рознагалосьсі. Напрыклад, якія паўнамоцтвы павінен мець кіраўнік Палітрады? На гэтыя пытаньні і павінны адказаць рэгіянальныя канфэрэнцыі”.

Якую стратэгію для апазыцыі прынялі ў Вільні?

Карбалевіч: “На канфэрэнцыі ў Вільні была таксама прынятая стратэгія дзейнасьці апазыцыйных сілаў. Інфармацыя пра яе на інфармацыйных сайтах таксама носіць даволі супярэчлівы характар.

У прыватнасьці, паведамляецца, што асноўны акцэнт быў зроблены на тактыцы дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі. Менавіта такім шляхам, лічыць кіраўніцтва апазыцыі, павінны адбыцца зьмены ў краіне. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

Лябедзька: “Па-першае, канфэрэнцыя прыняла толькі рэкамэндацыі. Адна зь іх гучыць так: “Накіраваць праект стратэгіі дэмакратычных сілаў на экспэртызу незалежных спэцыялістаў у галіне канстытуцыйнага права й стратэгічнага плянаваньня”.

Гэта азначае, што праца над гэтым дакумэнтам, як і над іншымі, не зьяўляецца завершанай. Трэба разгарнуць агульнанацыянальную дыскусію, каб людзі выказалі свае меркаваньне пра гэтыя дакумэнты.

Добра, што гэтыя дакумэнты зьявіліся задоўга да чарговай выбарчай кампаніі.

Разам з тым, лічу недахопам стратэгіі тое, што там мала зроблены акцэнт на працы зь людзьмі як галоўным прыярытэце нашай дзейнасьці.

Таму што мала выпрацаваць пазытыўную альтэрнатыву. Трэба яшчэ давесьці яе да людзей, атрымаць водгук. Каб у выніку гэта было альтэрнатывай не апазыцыі, а самаго грамадзтва.

Што датычыць сюжэту аб дыялёгу з уладамі. Так, у стратэгіі не гучаць словы пра рэвалюцыю. Наш выбар зьменаў у краіне — праз дыялёг і перамовы. Мы робім пазытыўныя прапановы. Цяпер улада павінна рэагаваць на іх”.

Карняенка: “Рэалізацыя стратэгіі залежыць ад арганізаванасьці апазыцыі, распрацаванай тактыкі, пляну дзеяньняў. Але, на мой погляд, ухваленая стратэгія выглядае дэкляратыўнай. І без экспэртных ацэнак яна можа застацца дакумэнтам не для выкананьня, а для дэманстрацыі.

Перамовы з уладамі можа адбыцца тады, калі адбудзецца пэўны аб’ём працы й апазыцыя стане дзейным суб’ектам палітычнага працэсу. Зь іншай апазыцыяй ня будзе ніякіх перамоваў. Таму без выкананьня гэтай умовы такая стратэгія ня мае сэнсу.

Дарэчы, гэта ня першая стратэгія. Адна стратэгія ўжо прымалася на паседжаньні Палітрады АДС. Але волі для яе выкананьня не знайшлося. Мо цяпер рэгіёны дапамогуць гэта зрабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG