Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў не бярэ ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы дэпутат Андрэй Клімаў па-ранейшаму не бярэ ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях і не прызнае сябе вінаватым. У пракуратуры Менску заяўляюць, што расьсьледаваньне справы “ідзе паводле пляну”.

19 красавіка Тацяна Клімава занесла ў турму перадачу для свайго мужа, былога дэпутата Андрэя Клімава. Яго больш як два тыдні таму арыштавалі паводле абвінавачаньня ў закліках скінуць уладу.

Перадача важыць 15 кіляграмаў, у асноўным гэта харчы й адзеньне. “Кніг ды газэтаў перадаваць не дазваляюць”, — кажа Тацяна.

Паводле лістоў, якія ёй дасылае Андрэй, у сьледчых дзеяньнях ён па-ранейшаму ўдзельнічаць адмаўляецца, на допытах маўчыць.

Тацяне Клімавай вядома пра сьледзтва няшмат:

“Ён апісаў мне адзін камічны эпізод, як да яго прыйшоў сьледчы Гадун і, паказваючы “БелГазету”, казаў, што нібыта нават там напісана, што цяпер Андрэю ня выкруціцца. Мне здаецца, гэта красамоўна, што на яго спрабуюць паўзьдзейнічаць праз газэту”.

Сьледчы менскай пракуратуры Анатоль Гадун, які вядзе справу Клімава, адмаўляецца яе камэнтаваць. Раней сьледчы заяўляў, што “сьледзтва ідзе паводле пляну”.

Тацяна Клімава кажа, што кожны дзень атрымлівае ад мужа ліст і піша яму адказ. На ўмовы ён ня скардзіцца. Вось што Андрэй напісаў пра сваю камэру, кажа Тацяна:

“У камэры ёсьць тэлевізар, але ідзе ён вельмі дрэнна. І паказваюць там стандартны набор праграм дзяржаўнага тэлебачаньня. Такім чынам Андрэй можа пабыць у скуры звычайнага грамадзяніна Беларусі, якому прамываюць мазгі”.

Газэтаў Андрэй Клімаў пакуль не атрымоўвае, бо падпісацца на іх можна толькі ад пачатку месяца. У траўні ён пачне атрымоўваць газэты, якімі яго забясьпечыць жонка:

“Я вырашыла паўдзельнічаць у шляхетнай справе прамываньня мазгоў і выпісала яму “Советскую Белоруссию”. Гэта акрамя “Известий”, “Комсомольской правды”, “БелГазеты”, “Белорусскога рынка”. На жаль, не ўдалося выпісаць “Народнай волі”, “Нашай Нівы” і “Свободных новостей”, бо яны ня ўключаныя у каталёг”.

У 2005 годзе, калі Андрэй Клімаў таксама знаходзіўся ў Менскім сьледчым ізалятары, Тацяна перадала ў турэмную бібліятэку некалькі кніг, у тым ліку зборнік афарызмаў. Днямі яна атрымала ад мужа паведамленьне, што гэты зборнік афарызмаў трапіў у камэру, дзе ён сядзіць.

“Мяркую, афарызмы мудрацоў некалькі супакоілі яго абураную нэрвовую сыстэму”, — кажа Тацяна Клімава.

Нагадаем, паводле абвінавачаньня ў закліках скінуць уладу палітыку пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Раней Клімаў ужо адбыў болей за чатыры гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах і 15 месяцаў “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG