Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Мілінкевіч раіцца з рэгіёнамі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску пройдзе сустрэча прадстаўнікоў рэгіёнаў з кіраўніком Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. На ёй зьбіраюцца абмеркаваць дэталі правядзеньня сямі “міні-кангрэсаў” аб’яднаных дэмсілаў. Яны будуць папярэднічаць агульнанацыянальнаму Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які плянуецца на травень.

За ідэю правесьці абласныя сходы дэмсілаў выказаліся ўдзельнікі канфэрэнцыі, што прайшла на мінулым тыдні ў Вільні. Цяпер патрэбна пераходзіць да канкрэтных крокаў, лічыць сябра Палітрады Віктар Карніенка:

Карніенка: “Ёсьць у рэгіёнах людзі, якія працавалі разам з Аляксандрам Мілінкевічам. І падчас мясцовых выбараў і раней – падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Зь імі трэба параіцца, якім чынам можна якасна арганізаваць гэтыя мерапрыемствы. Гэта будуць тыя людзі, якія і сёньня гатовыя падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча як лідэра аб’яднанай апазыцыі”.

Кіраўнік Гомельскага абласнога аргкамітэту па стварэньні руху “За свабоду” Уладзімер Кацора зьбіраецца сёньня выступіць на сустрэчы з Мілінкевічам у падтрымку рэгіянальных міні-кангрэсаў:

Кацора: “Правядзеньне рэгіянальных сходаў – гэта шанец дамовіцца, шанец прымусіць нашых лідэраў дамовіцца і вырашыць пытаньні, якія яны самі ня могуць вырашыць. Як я разумею, яны ня могуць вызначыцца, трэба ці не трэба абіраць старшыню на кангрэсе. Ці можа спачатку абраць Палітраду, а потым ужо яна назаве старшыню? Пазыцыя Мілінкевіча і нашай каманды – абіраць трэба на кангрэсе. Аб’яднанай апазыцыі патрэбны лідэр. Няхай гэта будзе старшыня Палітрады, але гэта будзе лідэр, як сымбаль еднасьці”.

Кіраўнік Магілеўскага абласнога аргкамітэту Віталь Васількоў выказвае свае меркаваньні:

Васількоў: “Любы кампраміс мае як адмоўныя, так і станоўчыя моманты. Прытым, што той кампраміс, які ўжо дасягнуты, гэта знак збліжэньня і еднасьці.

Вядома, што вельмі цяжка будзе правесьці гэтыя сходы ў такім фармаце як заяўлена (да 150 чалавек), бо вельмі цяжка знайсьці такую пляцоўку і арганізаваць усё вельмі хутка. Але нашы мясцовыя партыйныя лідэры, зь якімі я ўжо размаўляў, аптымізму не губляюць. І прыкладуць намаганьні, каб гэтае мерапрыемства адбылося.

А вось што тычыцца майго асабістага стаўленьня да таго, што павінна адбыцца на кангрэсе, дык я думаю, што, на вялікі жаль, ёсьць небясьпека, што ён можа ператварыцца ў кангрэс не аб’яднаных сілаў, а раз’яднаных. Таму што вельмі многа было нараканьняў і на працэдуры, і на іншыя моманты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG