Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая будучыня ў гістарычнай Гародні?


Сяргей Астраўцоў, Гародня Сёньня ў Горадні адбудзецца выязное пасяджэньне навукова-мэтадычнай рады міністэрства культуры. Яно будзе прысьвечана праблемам гістарычнага цэнтру. На яго запрошаны прадстаўнікі грамадзкасьці, яны занепакоены тым, як адбываецца рэканструкцыя Старога гораду.

Выязное пасяджэньне навукова-мэтадычнай рады — двухдзённае. Учора яго ўдзельнікі спыняліся ў Міры. Пасьля гэтага яны накіраваліся ў Горадню. І якраз будучы ў дарозе намесьнік кіраўніка упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства культуры Ігар Чарняўскі паведаміў нашаму Радыё:

Чарняўскі: “Першае пытаньне было аб ходзе рэканструкцыі замкавага комплексу Мір, яго прадставіў спадар Бубноўскі. І другое пытаньне — гэта Бэрнардынскі кляштар у Менску: праектныя прапановы — якія могуць быць варыянты”.

Спадар Чарняўскі зазначыў, што існуе пастанова Савету міністраў, згодна зь якой рэканструкцыя Мірскага замку павінна быць закончана ў 2010 годзе. Што датычыць Горадні, абмяркоўвацца будуць шэраг аб’ектаў, будынкаў і тэрыторый у гістарычным цэнтры, сказаў ён.

Праблемы цэнтру Горадні, у прыватнасьці транспартную, нядаўна разглядалі ў сталіцы. Наладзіла абмеркаваньне міністэрства архітэктуры. Там прысутнічаў гарадзенскі гісторык Янка Лялевіч — адзін з тых, хто змагаецца за беражлівую рэканструкцыю гістарычнай забудовы. На сёньняшняе паседжаньне ўлады таксама запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці. Але дамагчыся гэтага было няпроста.

Лялевіч: “Я лічу, што ў кожным разе грамадзкая актыўнасьць гэтых людзей адпужвае, насьцярожвае, але яны вымушаныя хоць краем вуха прыслухоўвацца да таго, што ім кажуць, у прыватнасьці, гарадзенцы. І я лічу, што гэта ў пэўным сэнсе прарыў”.

Але вада пад ляжачы камень не цячэ: актывісты зьвярталіся і да мясцовых уладаў, і ў сталіцу, і ў пракуратуру.

Лялевіч: “І, канешне, гэтыя паперкі, якія там у іх пачалі “расьці”, думаю, іх нейк занепакоілі і яны вымушаны былі адгукнуцца. Тым больш, тое, што робіцца ў Горадні, у прыватнасьці, з Савецкай плошчай, гэта пярэчыць Генэральнаму пляну, зацьверджанаму самім прэзыдэнтам”.

Янка Лялевіч прызнаецца: у яго ёсьць маленькая надзея на тое, што аргумэнты яго і ягоных сяброў нейк паўплываюць на ўлады, і яны будуць дзейнічаць у гістарычным цэнтры Горадні больш абачліва.



На здымку: сьцены Каложы — самага старога помніка архітэктуры Горадні, пабудаванага ў ХІІ стагодзьдзі.
XS
SM
MD
LG