Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1000 эўра за вяртаньне мэмарыяльнай дошкі


Радыё Свабода Амбасадар Нямеччыны Марцін Гэкер выплаціў тысячу эўра менчуку, які перадаў дыплямату скрадзеную бронзавую мэмарыяльную дошку. Памятны знак прысьвечаны габрэям Брэмену, якія былі зьнішчаны ў Менскім гета.

Падчас перадачы памятнага знаку ў амбасадзе Нямеччыны беларускі грамадзянін, які папрасіў не раскрываць яго імя, паведаміў, што дошка была знойдзеная каля пункту прыёму каляровых мэталяў у пасёлку Калодзішчы Менскага раёну. Паводле мужчыны, які прадставіўся супрацоўнікам прыёмнага пункту, памятны знак у машынным алеі знайшоў асабіста ён. Мужчына лічыць, што людзі, якія прывезьлі дошку для здачы, пабаяліся гэта зрабіць і кінулі знак на зямлю пасьля таго, як прачыталі адліты на ім тэкст.

Грамадзяне Беларусі, якія прысутнічалі пры цырымоніі перадачы дошкі, прапанавалі мужчыне адмовіцца ад матэрыяльнай ўзнагароды, зыходзячы з таго, што за гэтым знакам стаіць трагедыя многіх людзей, якія загінулі на беларускай зямлі. Аднак мужчына не пагадзіўся на зьніжэнне сумы або нейкую форму маральнай падзякі, у тым ліку расказаць пра яго ўчынак з публікацыяй фота. Мужчына адмовіўся фатаграфавацца на памяць з амбасадарам. Як мяркуецца, менчук быў пасярэднікам паміж дыпляматамі і людзьмі, якія выкралі памятны знак.

Зьнікненне дошкі было выяўлена 9 сакавіка. У 1992 годзе яе ўстанавілі прадстаўнікі габрэйскай грамады Брэмену на фасадзе дому № 13 па вуліцы Раманаўская слабода ў памяць аб амаль 450 брэменскіх габрэях, дэпартаваных у 1942 годзе з Нямеччыны ў Беларусь і зьнішчаных у Менскім гета.

26 сакавіка амбасадар Нямеччыны аб''явіў аб узнагародзе 1 тысячу эўра за інфармацыю, якая будзе садзейнічаць вяртаньню памятнага знаку.

Далейшы лёс памятнага знаку вызначыць кіраўніцтва Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб''яднаньняў і суполак. У якасьці варыянту разглядаецца прапанова аб усталяваньні на фасадзе дома № 13 па вуліцы Раманаўская слабада копіі дошкі, а арыгінал будзе захоўвацца ў беларуска-нямецкай установе "Гістарычная майстэрня ў Менску", паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG