Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Рада Эўропы дапамагчы беларускай дэмакратыі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Слухаць:

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Карэн Акопаў.

Што паказвае баромэтар?

Валер Карбалевіч: “Пазыцыю Рады Эўропы (РЭ) можна лічыць пэўным баромэтрам стаўленьня эўрапейскіх інстытуцый адносна Беларусі. Апошнім часам гэтая пазыцыя ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва была даволі спрыяльная. Сёлета ў студзені Менск наведаў з візытам старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэнэ ван дер Ліндэн. Пазыцыя новага дакладчыка ў справах Беларусі палітычнага камітэту РЭ італьянскага дэпутата Рыгоні таксама арыентаваная на дыялёг.

І вось адбыўся чарговы візыт кіраўніцтва беларускай апазыцыі ў Страсбург, іх сустрэча з кіраўніцтвам РЭ. Учора адбылося паседжаньне спэцыяльнага падкамітэту ў справах Беларусі ПА РЭ з удзелам кіраўніцтва РЭ. Аляксандр Мілінкевіч, камэнтуючы свае сустрэчы, адзначыў, што Рада Эўропы больш ня будзе рабіць крокаў насустрач Менску, пакуль не убачыць зрухаў у пазыцыі Беларусі. Такім чынам, што цяпер паказвае гэты баромэтар? Гледзячы па ўсім, той энтузіязм адносна дыялёгу з Беларусьсю, які назіраўся яшчэ ў студзені, цяпер зьнік?”

Андрэй Фёдараў: “Калі сапраўды лічыць пазыцыю Рады Эўропы баромэтрам пазыцыі Захаду, то цяпер ён паказвае няпэўнасьць. Праўда, я б пасьцярогся казаць, што ў студзені ў Радзе Эўропы быў энтузіязм адносна стасункаў зь Беларусьсю. Візыт у Менск Рэнэ ван дэр Ліндэна – гэта ягоная прыватная ініцыятыва. Дарэчы, ёсьць афіцыйнае рашэньне ПАРЭ, якое забараняе кантакты кіроўных асобаў гэтай структуры з кіраўніцтвам Беларусі. Але гэта фармальны бок справы.

Больш важна тое, што візыт Рэнэ ван дэр Ліндэна не даў ніякага плёну. Зьменаў ва ўнутранай палітыцы Беларусі не адбылося. Адсюль і такая няпэўнасьць”.

Карбалевіч: “Хачу адзначыць, што акрамя візыту Рэнэ ван дэр Ліндэна, былі і іншыя крокі з боку Захаду”.

Карэн Акопаў: “Калі вяртацца да візыту Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Менск, то хоць ён адбыўся ў студзені, але рыхтавацца пачаў у жніўні 2006 году. Наракаць на яго ня трэба. Проста РЭ шукае шляхі ўплыву на Беларусь. Іншая справа, што падрыхтоўка і правядзеньне гэтага візыту не ўзгаднялася з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, што лічу няправільным”.

Ці зьмянілася пазыцыя афіцыйнага Менску ў пытаньні дачыненьняў з Эўропай?

Карбалевіч: “На прэсавай канфэрэнцыі ў мінулы чацьвер Аляксандр Лукашэнка пацьвердзіў сваю ранейшую пазыцыю: мы гатовыя да дыялёгу з Эўропай, але бяз усялякіх умоваў наконт дэмакратызацыі ў Беларусі. І рэальная практыка (працяг рэпрэсіяў) паказвае, што беларускае кіраўніцтва не зьбіраецца ісьці на саступкі Эўропе. Як вы пракамэнтуеце пазыцыю Беларусі?”

Фёдараў: “Беларускія ўлады займаюць цьвёрдую пазыцыю. І яна не зьменіцца, пакуль улады не адчуюць якуюсьці пагрозу. Эўропа спрабавала рэалізаваць усе рэальна магчымыя сродкі ціску на Беларусь. Але пакуль безвынікова. І беларускія ўлады бачаць невысокую эфэктыўнасьць уплыву з Захаду, таму і паводзяць сябе адпаведна.

Канфлікт з Расеяй напярэдадні і пасьля Новага году, напэўна, трохі напалохаў беларускія ўлады. Але хутка яны ўбачылі, што пагроза ад гэтага для іх пакуль невялікая. Таму яны і не ідуць на саступкі”.

Акопаў: “Сп. Лукашэнка ніколі не заяўляў, якім ён бачыць дыялёг з эўрапейскімі інстытуцыямі, не прапаноўваў у разгорнутым выглядзе сваё бачаньне гэтага дыялёгу, не сфармуляваў умовы, мэты, формы, склад удзельнікаў дыялёгу. Сп. Мілінкевіч назваў гэта “дыялёгам дзеля дыялёгу”.

Але РЭ надае вялікую ўвагу дачыненьням з Беларусьсю. З 205 пытаньняў парадку дня ПАРЭ 9 прысьвечаныя Беларусі. Падкрэсьлю, што гэта не тэматычныя, а краінавыя пытаньні.

Каб стаць сябрам РЭ, трэба далучыцца да пэўных мэханізмаў гэтай арганізацыі. Напрыклад, патрэбна прызнаць юрысдыкцыю Эўрапейскага суду па правах чалавека, адмяніць сьмяротнае пакараньне ды іншае. Але для дзейнага рэжыму гэтая праблема сёньня невырашальная”.

Карбалевіч: “Наконт тэмы перамоваў. У двух інтэрвію эўрапейскім мэдыям у студзені Лукашэнка прапанаваў тэмы перамоваў. Гэта пытаньні эканамічных дачыненьняў, энэргетыкі. Беларусь прапаноўвае сябе як гаранта надзейнага транзыту, бар’еру для пранікненьня ў Эўропы наркотыкаў, незаконных мігрантаў і іншае. У адказ Эўропа павінна даць нейкія эканамічныя прэфэрэнцыі. Але пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека павінны быць вынесены за дужкі і не абмяркоўвацца. Здаецца, пазыцыя дакладна вызначаная і зразумелая”.

Акопаў: “Але РЭ займаецца не эканомікай, а якраз пытаньнямі дэмакратыі і правоў чалавека. Таму, калі мы кажам пра стасункі Беларусі з Радай Эўропы, то размаўляць трэба на тым полі, на якім дзейнічае гэтая арганізацыя. Але Лукашэнка не гатовы абмяркоўваць гэтыя пытаньні, і імкнецца ўсе стасункі скласьці у кошык эканомікі”.

Карбалевіч: “Атрымоўваецца, што калі пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека выносяцца за дужкі, то ў дыялёгу паміж Беларусьсю і РЭ фактычна няма, як цяпер кажуць, парадку дня.

Ці ёсьць выйсьце з замкнёнага кола?

Карбалевіч: “Паводле вынікаў учорашняга паседжаньне спэцыяльнага падкамітэту ў справах Беларусі ПА РЭ, плянуецца правесьці канфэрэнцыю па беларускаму пытаньню, на якой можа быць створаная так званая “тройка” з прадстаўнікоў ПАРЭ, Эўрапарлямэнту, Парлямэнцкая асамблея (ПА) АБСЭ дзеля каардынацыі пазыцый эўрапейскіх інстытуцый адносна Беларусі. Зразумела, каардынацыя лепш, чым яе адсутнасьць. Але ўзгадваецца, што такая “тройка” раней існавала, яе прадстаўнікі прыяжджалі ў Менск, аднак бяз асаблівых вынікаў. Ці не падаецца вам, што эўрапейскія арганізацыі ў вырашэньні беларускага пытаньня знаходзяцца ў тупіку, рухаюцца па замкнёнаму колу?”

Фёдараў: “На жаль, падаецца. Сапраўды, “тройка” існавала бяз асаблівых вынікаў. Потым, дарэчы, яе дзейнасьць спрабавалі аднавіць. У студзені 2004 году меў адбыцца яе візыт у Менск. Але не адбыўся, бо ў эўрапейскіх палітыкаў склалася ўражаньне, што іх тут ня вельмі чакаюць.

Усё ж у гэтую “тройку” ўваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый. Да таго ж, напрыклад, у ПА АБСЭ ўваходзяць прадстаўнікі ўжо вельмі розных краін у сэнсе дэмакратыі, напрыклад, Швэцыі і Туркмэністану.

Цяпер наконт канфэрэнцыі. Калі яна пройдзе ў Менску, то туды не запросяць прадстаўнікоў апазыцыі, як гэта здарылася з сэмінарам, які праводзіла Ута Цапф. А калі канфэрэнцыя пройдзе ў краіне Эўразьвязу, то я сумняваюся, што афіцыйныя беларускія ўлады туды направяць важкіх асобаў.

І нарэшце ўчора старшыня камітэту Савета Фэдэрацыі Расеі Маргелаў заявіў, што Расея таксама зацікаўлена ва ўдзеле ў гэтай канфэрэнцыі. Вось мы атрымаем там абаронцу пазыцыі афіцыйнага Менску”.

Акопаў: “Мілінкевіч зрабіў РЭ пэўныя прапановы. Напрыклад, стварыць у вну Беларусі інфармацыйныя цэнтры, якія будуць займацца інфармаваньнем пра эўрапейскія каштоўнасьці і дэмакратыю. Таксама Рады Эўропы павінна скіраваць сваю дзейнасьць на грамадзянскую супольнасьць Беларусі.

Наконт канфэрэнцыі. Ня вызначана яе мэта, які вынік мы хочам атрымаць. Наколькі я разумею, арганізатар канфэрэнцыі імкнецца зь яе дапамогаю правесьці дыялёг паміж уладай і апазыцыяй пры мадэратарстве міжнародных структураў. Ідэя добрая, але ці рэальная? І якія пытаньні яны будуць абмяркоўваць? Вельмі добра было б, каб там абмеркавалі зьмены ў выбарчым заканадаўстве напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў. Іншая справа, ці пойдзе на гэта ўлада?”
XS
SM
MD
LG