Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 18 красавіка


Севярын Квяткоўскі, Менск

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў Беларусі ад пачатку году павялічыліся больш, чым на 30 працэнтаў.

Камэнтары: "Усё стабільна";

"Паказальна, што гарэлку раскупляюць значна хутчэй, чым гадзіньнікі і шкарпэткі";

"Затое людзі занятыя, беспрацоўя няма".

Удзельнік інтэрнэт-суполкі Munsk_by siemargl піша: "На наступным тыдні маю прайсьці мэдычны агляд, у тым ліку пабываць і ў кабінэце псыхатэрапэўта. Якой мовай мне зь ім размаўляць: расейскай альбо беларускай? Калі расейскай, то атрымаецца, што я здраджу сваім уласным устаноўкам, а калі беларускай, то ён можа падумаць, што мая беларускамоўнасьць -- гэта нейкая псыхічная хвароба накшталт "навязьлівай ідэі", а мне не хочацца мець з гэтым далейшых праблем".

Камэнтары: "Вясновае абвастрэньне у юных змагароў у разгары";

"На беларускай, канешне. Можа, што і падумаюць, але ж ня думаю, што ўслых скажуць. Не будзе баязьліўцам -- трэба праз гэта прайсьці, зламаць свой страх";

"Калі вы насамрэч думаеце, што можа ўзьнікнуць праблема такога кшталту – то можа лепш схадзіць да псыхоляга, а потым да псыхатэрапэўта?"

Карыстальнік сайту блогаў "Жывы Журнал" michalevic піша ў сваім дзёньніку : "У "Вечернем Бресте" (прачытаў) інтэрвію з Генэральным консулам Расеі ў Берасьці Ўладзімерам Абрамавым: "Масквічам добра вядомыя прадукты берасьцейскіх прадпрыемстваў "Санта-Бремор", "Савушкин продукт", "Беловежские сыры", "Белалко" ды шмат іншых. Дарэчы, прадукцыя гэтых фірм ёсьць у маім штодзённым рацыёне".

Камэнтар: "Ёсьць сувязь паміж цікаўнасьцю газэты "Вечерний Брест" да расейскага консула і тым, што ад 2 красавіка спыніўся экспарт вырабаў "Санта Брэмар" у Расею – а гэта 40% вытворчасьці (прадпрыемства)".

Пісьменьнік Адам Глобус піша ў сваім блогу пра мінулую Радаўніцу: "На могілкі не хадзіў. ...Я зрабіў сабе звычайны працоўны дзень. Але народнае сьвята таму і народнае, бо ўсюдыіснае. З адным пагаварыў пра сьмерць, з другім згадаў клады, з трэцім абмеркаваў тое, што адно з асноўных значэньняў слова "чалавек" – сьмяротны… І ад гэткай усенароднай урачыстай змрочнасьці нясьцерпна захацелася весялосьці. Падумалася: добра было б, каб на маім помніку замест эпітафіі выбілі такія словы : “Каву ў ложак, калі ласка!"
XS
SM
MD
LG