Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны чэмпіянат Эўропы будзе стымулам для польскай эканомікі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Палякі цешацца з рашэньня УЭФА аб правядзеньні чэмпіяната Эўропы па футболе 2012 году ў Польшчы і ва Ўкраіне. Чэмпіянат будзе ня толькі футбольным сьвятам, але і значна спрычыніцца да разьвіцьця эканомікі краіны.

“Так! Чэмпіянат будзе ў нас!”, – такімі воклічамі віталі словы Мішэля Плаціні аб правядзеньні чэмпіяната Эўропы па футболе ў Польшчы і Ўкраіне жыхары Варшавы, якія глядзелі цырымонію на вялікім маніторы, усталяваным у цэнтры сталіцы.

Спартовае мерапрыемства такога ўзроўню адбудзецца ў Польшчы ўпершыню ў гісторыі гэтай краіны.

“Перад намі шмат сур’ёзнай працы”, – заявіў прэзыдэнт Лех Качыньскі, выказаўшы пры гэтым упэўненасьць, што і Польшча, і Ўкраіна здолеюць зрабіць усё неабходнае, каб правесьці чэмпіянат на вышэйшым узроўні.

У Польшчы матчы будуць адбывацца на стадыёнах чатырох гарадоў – Познані, Уроцлава, Гданьску і Варшавы. Прычым у двух апошніх гарадах гэтыя стадыёны толькі пачнуць будаваць. У Варшаве Нацыянальны стадыён для 63 тысячаў гледачоў паўстане на месцы цяперашняга стадыёну Дзесяцігодзьдзя –самага вялікага кірмашу ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Ныкоўскі: “Кажуць, што ў Польшчы ёсьць толькі віртуальныя стадыёны. Але ўжо прынятае рашэньне аб будаўніцтве гэтых аб’ектаў, рашэньне УЭФА толькі прысьпешыць гэты працэс. Тым больш, што ёсьць фінансаваньне”, – кажа кіраўнік штабу правядзеньня чэмпіянату Міхал Ныкоўскі.

На падрыхтоўку да футбольнага сьвята Польшча выкарыстае 37 мільярдаў эўра толькі зь бюджэту Эўразьвязу. На гэтыя грошы, акрамя стадыёнаў, будзе пабудавана прыкладна 700 кілямэтраў аўтастрадаў, адрамантаваныя тысячы кілямэтраў іншых дарог, мадэрнізаваныя 7 лётнішчаў. Краіна чакае мільёны турыстаў, прычым ня толькі аматараў футболу.

Паводле адмыслоўцаў, такія інвэстыцыі ў польскую эканоміку – а гэта прыкладна 10% ад ВУП краіны, – павінны мець пазытыўны ўплыў на эканамічнае разьвіцьцё Польшчы.

Гл. таксама:

Футбольны чэмпіянат Эўропы 2012 году пройдзе ў гарадах Украіны і Польшчы
XS
SM
MD
LG