Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Л.Акаловіч: “Толькі праз родную мову можна дайсьці да душы”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – сьвятар незарэгістраванай Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Леанід Акаловіч.

Міхась Забэйда Суміцкі, “Хлопец пашаньку пахае”:



“У Забэйду-Суміцкім мы ўбачылі адраджэньне ня толькі беларускай песьні, а і сьвядомасьці”

Знаткевіч: “Айцец Леанід, Вы ў свой час ліставаліся і сустракаліся з Забэйдам-Суміцкім – якія ў Вас захаваліся найбольш яркія ўспаміны пра яго?”

Акаловіч: “Гэта вельмі незабыўныя ўражаньні, успаміны, гэта наша маладосьць, нашыя студэнцкія, асьпіранцкія гады. Мы сустракалі Забэйду на вакзале, праводзілі яго, набывалі яму кветкі, прыпадносілі яму іх на ягоных канцэртах – з Рагойшам, зь нябожчыкам Міколам Пашкевічам, з Надзяй Батурыцкай і іншымі маладымі беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі, якія ў Забэйду-Суміцкім убачылі адраджэньне беларускай ня толькі песьні, а і сьвядомасьці. Гэта было незабыўнае ўражаньне, і яно застаецца па сёньняшні дзень, і я вельмі ўдзячны за тое, што Вы паставілі гэтую плытку, як называў Міхась Забэйда, зь ягоным голасам. Гэта перанос у маладосьць”.

Знаткевіч: “А ў савецкія часы ліставацца з чалавекам, які жыве за межамі Беларусі, за межамі Савецкага Саюзу – наколькі гэта была праблема для Вас?”

Акаловіч: “Ну, была ў нейкай ступені праблема. Але нам тады яшчэ дапамагаў Рыгор Раманавіч Шырма, мы празь яго пасылалі лісты да Забэйды, перадавалі прывітаньні. У мяне захавалася была нават паштоўка зь ягоным зваротам да моладзі, у якім ён піша пра праблемы вяртаньня на Бацькаўшчыну, што дапамагаюць і Максім Танк, і Шырма, але як яно выйдзе – Бог яго ведае. Таксама захавалася была кружэлка, падпісаная Забэйдам для моладзі Беларусі, але ўсе гэтыя рарытэты я аддаў у Музэй гісторыі літаратуры і мастацтва”.

“Божа, няхай на залітай крывёю зямлі нашай больш ня будзе такога гвалту”

Знаткевіч: “Сёньня Радаўніца, дзень памінаньня продкаў. Як Вы самі адзначылі гэты дзень?”

Акаловіч: “Мы, перш за ўсё, вернікі нашай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, пастараліся наведаць могілкі ўчора, наведаць сваіх продкаў, паправіць магілы бацькоў і дзядоў, а сёньня мы ўжо ўдзельнічалі ў грамадзкім памінаньні ў месцах рэпрэсіяў забітых, расстраляных беларусаў і ня толькі беларусаў у лесапарку Ваньковічаў, ці як ён называецца цяпер – Чалюскінцаў, у Курапатах, іншых месцах. Мы якраз маліліся за тое, каб памянуць і гэтыя безыменныя магілы нявінна забітых, бо ў некаторых зь іх не засталося ні сваіх нашчадкаў, якія б іх памянулі, таму наша царква штогод робіць такія памінальныя малітвы ў месцах расстрэлаў нашых пакутнікаў антыбеларускай уладай.

Напрыклад, да гэтага дня я стварыў спэцыяльную малітву па просьбе Аргкамітэту па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якраз адзначацца будзе 70 гадоў у кастрычніку, і спэцыяльную гэтую малітву мы чыталі і прэзэнтавалі сёньня ў лесапарку Ваньковічы.

“У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты сам быў бязьвінна расьпяты і рэпрэсаваны, і пакутаваў, і быў уваскрос! Глянь няўсталым вокам на загінулых ад бязбожнай улады пры дэспаце Сталіне пакутнікаў, якія ў Курапатах, Бродзе, Кальварыі ці Валях, Лагоўшчыне, Лошыцы, лесапарку Ваньковічаў, Цагельні, за Чэрвенем ды іншых лясных урочышчах Беларусі, за межамі Бацькаўшчыны нашай у турмах, канцлягерах, засьценках аж да тундры Сыбіры скончылі свой зямны шлях у невядомых і вядомых, забытых і занядбаных магілах... Ойча наш нябесны, успомні зь вераю і надзеяю на вечнае жыцьцё ахвяраў нявінна рэпрэсаваных, замучаных, забітых, расстраляных, утопленых антыхрыстамі. Як добры чалавекалюбец, які выбачае грахі, даруй пакутнікам нашым і іхныя сьвядомыя і несьвядомыя правіны. Магутны Божа, залічы рэпрэсаваных, замучаных і расстраляных у лік сваіх шчасьлівых слугаў, што палеглі як на полі бою зь бязбожнаю антыбеларускаю ўладаю. Яны прайшлі пакутны і цярністы шлях жыцьця і сваёю сьмерцю далі сапраўднае пасьведчаньне сьвятасьці сваёй. Госпадзе Ісусе Хрысьце, сыне Божы, чалавекалюбец і збаўца наш, дзеля малітваў Маці Тваей і ўсіх сьвятых беларускіх памілуй іх. Сьвяты Божа, сьвяты моцны, сьвяты несьмяротны, памілуй іх. Валадар і суцяшальнік наш, злучы іхную ахвяру са Сваёю крыжоваю. Няхай жа ня будзе дарэмнай і тая іхная ахвяра, няхай на залітай крывёю зямлі нашай больш ня будзе такога гвалту, зьдзеку, і няхай у нас закрасуе братняя любоў і сьвеціць сонца волі і шчаснай долі народу нашаму і веры нашай, слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу, у цяпер, на ўвесь час і векі вечныя, амін”.

Вось такая малітва гучала ў гэтым лесе Ваньковічаў, парку Чалюскінцаў, дзе нямала было забіта людзей, і даўно ўжо пастаўены крыж, дзе мы памінаем. Але яшчэ большая малітва вялікая за памерлых і расстраляных была ў Курапатах, дзе мы пайменна называлі многіх і пісьменьнікаў, і мастакоў, і акадэмікаў, і простых людзей, і сьвятароў, беларусаў і не беларусаў, якія загінулі ад бязбожнай улады, і па сёньняшні дзень магілы іхныя многія невядомыя, і мы маліліся, каб Гасподзь Бог даў ім магчымасьць шчасьлівага прабываньня зь ім”.

“Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква цесна зьвязаная з народам”

Знаткевіч: “Сёньня і ўчора многія людзі хадзілі і прыбіралі магілы сваіх сваякоў. Што варта і што ня варта рабіць у дзень Радаўніцы паводле царкоўных канонаў?”

Акаловіч: “Звычайна ў нас царквою забараняецца памінальная трапеза. Бо яе спраўленьне нагадвае старажытную, дахрысьціянскую, язычніцкую трызну, зь ядою на разасланым абрусе на магілцы, з нафарбаванымі яйкамі, куцьцёю, мясам, а то і чаркамі для сябе і мёртвых – гэта царква ня надта прымае. Руская праваслаўная царква гэта наагул забараняе і раіць памінаць у царкве, альбо пасьля наведваньня царквы лепш дома адзначаць. Але я думаю, што паколькі нашая Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква называецца яшчэ народнай, усё-ткі яна цесна зьвязаная з народам, і гэтыя традыцыі глыбокія, мы іх сёньня ня зможам парваць, іх пераняло хрысьціянства з язычніцкіх часоў, то мы мусім прыняць і гэты звычай. Вядома, без папоек, канечне, але нейкія застольлі своеасаблівыя можна спраўляць. Гэта ўжо вялікая і глыбокая традыцыя ў беларусаў, яку парушыць сёньня немагчыма”.

Знаткевіч: “Айцец Леанід, Вы самі даволі позна прыйшлі да царквы, да Бога – ці быў нейкі паваротны момант у Вашым жыцьці, калі Вы ўсьвядомілі гэта?”

Акаловіч: “Вядома, так. Я прыйшоў не адразу, больш за 10 гадоў таму атрымаў такое пакліканьне. Адным з такіх штуршкоў было знаёмства, трэба ўспомніць, са сьветлай памяці Янам Матусевічам, які адраджаў Беларускую царкву праз уніяцтва, праз праваслаўе, і ён маліўся па-беларуску, выказваў малітвы, сьпяваў “Магутны Божа”, і гэта ўсё нас уразіла на Чарнобыльскіх шляхах, на іншых сустрчах, і гэта мяне таксама натхніла – я быў добра знаёмы зь ім, у добрых адносінах, ён быў у нашым згуртаваньні беларускай шляхты. Зь яго дапамогай і дапамогай іншых сяброў я прыйшоў у беларускую царкву, каб можна было маліцца на сваёй роднай мове, размаўляць са сваімі беларусамі на даступнай мове, зразумелай, а ня мёртвай царкоўнаславянскай. Таму я, адчуўшы гэтае пакліканьне, і пайшоў таксама на гэты шлях цярністы, няўдзячны – нас забараняюць, абкладаюць штрафамі і г.д. Тым ня менш, мы заўсёды будзем са сваім народам да канца сваіх дзён”.

“У сьведамых беларусаў у генах сядзіць, што трэба маліцца да Бога на сваёй роднай мове”

Знаткевіч: “Часам, бываюць закіды, што для некаторых вернікаў, якія прыходзяць такім чынам да Бога, мова нацыянальная нават вышэй за рэлігійнае, за боскае – ці няма тут долі праўды ў такіх закідах?”

Акаловіч: “Я думаю, што ў сьведамых беларусаў у генах сядзіць, што трэба маліцца да Бога на сваёй роднай мове. Я колькі разоў заўважаў, у Менску і пад Менскам, на Гарадзеншчыне, дзе мы праводзілі набажэнствы, як у людзей сьвецяцца вочы, калі яны чуюць усю багаслужбу і казань на роднай мове. Яны ледзьве ня плачуць некаторыя, Вы разумееце. І гэта прыцягвае чалавека да Бога. Бо ўсё зразумела, усё адкрыта, калі што не зразумела – дапаможа сьвятар, у сваёй роднай мове растлумачыць. Таму тут я лічу, толькі праз родную мову мы можам дайсьці да душы і да верніка ў нашым народзе”.

“Народ – большае паняцьце, трэба больш народу служыць, а ня ўладзе”

Знаткевіч: “А як Вы сам разумееце прынцып, які часта ўзгадваюць, што кожная ўлада – ад Бога?”

Акаловіч: “Вядома, гэта прынцып такі праводзіцца, кожная ўлада ад Бога, але Бог таксама для народа, а ня толькі для ўлады. Усё-ткі ўлада – гэта частка народа. І народ – большае паняцьце, трэба больш народу служыць, а ня ўладзе, мы ведаем выказваньне Кастуся Каліноўскага на гэты конт. Таму тут пярэчаньня, можа, і няма, але ўсё-ткі на першае месца трэба ставіць народ, а ня ўладу”.

Знаткевіч: “Вы згадалі выказваньне Кастуся Каліноўскага – "Не народ для ўраду, а ўрад для народу". А ці маеце Вы самі нейкае жыцьцёвае крэда, нейкі прынцып, які Вам дапамагае ў жыцьці?”

Акаловіч: “Я яшчэ з школьных гадоў сваіх у школьным дзёньніку запісаў: “Быць са сваім народам, служыць свайму народу, як толькі можна – ці праз мову, ці праз гісторыю”. Тады, праўда, я ня ведаў яшчэ пра сьвятарства, але і праз мову, і праз гісторыю, праз краязнаўства я прыйшоў да гэтага. Я выконваю, можна сказаць, свой яшчэ школьны запавет па сёньняшні дзень”.
XS
SM
MD
LG