Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ раіць надаваць больш увагі правам чалавека ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Страсбуры Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы правяла дэбаты аб стане дэмакратыі й правоў чалавека ў Эўропе. Галоўным дакумэнтам, вакол якога разгарнулася дыскусія, стаў даклад Палітычнага камітэту. Яго падрыхтаваў вядомы кіпрыйскі парлямэнтар Хрыстас Пургурыдэс — раней ён быў спэцдакладчыкам у справах зьніклых у Беларусі.

Дыскусію адкрыў уступным словам кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рэнэ ван дэр Ліндэн:

“Я заклікаю нацыянальныя парлямэнты абмеркаваць у сябе гэты даклад і паклапаціцца, каб урады нашмат сур’ёзьней ставіліся да гэтых пытаньняў, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні”.

У дакладзе ёсьць пункт, які непасрэдна тычыцца Беларусі:

“Асамблея рэкамэндуе Камітэту міністраў Рады Эўропы зьвярнуць больш увагі на стан з правамі чалавека ў Беларусі”.

Тым часам, сёньня стала вядома, што да ўдзелу ў буйной міжнароднай канфэрэнцыі ў справах Беларусі можа далучыцца і Расея.

Пра гэта паведаміў па тэлефоне са Страсбуру старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька.

Раніцай Лябедзька сустракаўся зь Міхаілам Маргелавым — кіраўніком камітэту ў міжнародных справах расейскага Савету Фэдэрацыі, кіраўніком фракцыі эўрапейскіх дэмакратаў у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Паводле беларускага палітыка, спадар Маргелаў цікавіцца гэтай тэмай — дамовіліся працягнуць абмеркаваньне.

Як мы ўжо паведамлялі ўчора, беларуская апазыцыя ў Страсбуры выступіла з ініцыятывай правесьці восеньню вялікую міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную сытуацыі ў Беларусі.

Меркавалася, што ў ёй паўдзельнічаюць прадстаўнікі беларускіх уладаў ды апазыцыі, а таксама ўплывовыя міжнародныя структуры.

Цяпер, як гаворыць Анатоль Лябедзька, фармат можа пашырыцца:

“Мы ня маем канчатковага варыянту. Мы толькі гаворым, што гэта ўлады, прыхільнікі пераменаў, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пры ўдзеле міжнародных структураў — Эўразьвяз і Эўрапарлямэнт, Рада Эўропы, АБСЭ і іх парлямэнцкія структуры.

І, мажліва краіны-суседзі, калі яны выявяць павышаную зацікаўленасьць у правядзеньні такой канфэрэнцыі.

Мы не перабольшваем чыёйсьці ролі, але Расея, канечне, моцна ўплывае на сытуацыю ў нашай краіне. Таму ёсьць зацікаўленасьць, каб у канфэрэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі расейскіх уладных структураў — напрыклад, тая ж Дума ці Савет Фэдэрацыі”.
XS
SM
MD
LG