Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася онлайн-канфэрэнцыя з Валерыяй Навадворскай


Радыё Свабода Сёньня на вэб-сайце "Свабоды" адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь лідэрам “Дэмакратычнага саюзу Расеі” Валерыяй Навадворскай. Чытайце тэкст онлайн-канфэрэнцыі тут --> http://archive.svaboda.org/forum/Forum.aspx .

Валерыя Ільінічна Навадворская нарадзілася ў 1950 годзе ў Баранавічах. Вучылася ў інстытуце замежных моў імя Тарэза (да першага арышту), скончыла факультэт замежных моў Маскоўскага пэдагагічнага інстытута. Стварыла студэнцкую падпольную групу, якая разглядала магчымасьць зьмены камуністычнай улады. У 1969 годзе арыштаваная за “антысавецкую агітацыю і прапаганду”. Займалася самвыдатам. У савецкія часы неаднаразова была асуджаная за дысыдэнцкую дзейнасьць. У 1988 – заснавальніца “Дэмакратычнага саюзу”. Лідэр партыі “Дэмакратычны саюз Расеі”.

У інтэрвію Свабодзе, камэнтуючы апошнія падзеі ў Расеі, калі сілай міліцыі былі разагнаныя апазыцыйныя шэсьці ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, Валерыя Навадворская сказала:

“У нас пакуль яшчэ да такіх эксцэсаў, як "суткі" за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, не дайшло. Таму жыцьцярадасна гуляюць, плацяць штраф у тысячу рублёў і выбіраюцца з пастарунку праз 5-6 гадзінаў максымум. Ня ведаю, хто з нашай эліты пагадзіўся б на такую меру адказнасьці, якая прымяняецца ў Беларусі. Жадаючых было б няшмат.

Расея "растрэніраваная" - апошні раз у нас такое было у канцы 80-ых гадоў, калі Гарбачоў яшчэ ня ведаў, чаго чакаць ад народа. І гэтым спосабам несанкцыянаваных мітынгаў карыстаўся толькі "Дэмакратычны саюз". І мы былі, фактычна, адны. "ДэмРасея" за намі ня ішла, а ішла толькі на санкцыянаваныя акцыі.

Таму я і кажу, што ўсе гэтыя сьмелыя, якія сёньня мала чым рызыкуюць - ну хіба што дадуць дубінкай, але гэта перажыць можна. Але калі б было, як у Беларусі, дык Каспараў атрымаў бы столькі ж гадоў адсідкі, колькі Казулін за арганізацыю масавых беспарадкаў.

І потым, у нас гэтыя маршы не падобныя на беларускія. У Менску “чыстыя дэмакраты” ідуць і патрабуюць свабоды, а ў нас "Дэмсаюз" ня можа далучыцца да "Маршу нязгодных", таму што Аб''яднаны грамадзянскі фронт напіхаў туды камуністаў і фашыстаў. Прычым ня проста камуністаў, а нейкіх ужо крайніх трацкістаў, "малінавых", кшталту "акээмаўцаў" з Саюзу камуністычнай моладзі. Альбо лімонаўцаў, прабачце, з нацысцкай сымболікай.

Гэта вельмі псуе "Маршы нязгодных", бо пазбаўляе іх маральнай чысьціні, ідэйнай цэласнасьці і пераўтварае гэта ў даволі брудную справу палітыкаў. Такіх як Каспараў, Касьянаў, Лімонаў, якія наперад выстаўляюць моладзь. І моладзі ламаюць рэбры, а Касьянаў абсалютна цэлым сыходзіць, яго яшчэ ніколі не затрымлівалі. А Каспараў пасьля таго, як у мінулы раз у Піцеры ён проста сышоў са сваёй аховай, вырашыў “здавацца”.

Так што ў нас усё далёка ня ўсё чыста і праведна , як у Беларусі. У нас тут яшчэ і амбіцыі замешаныя. Нават нібыта дэмакратычныя ўдзельнікі "Маршу нязгодных", кшталту Каспарава, яны даказваюць, што рэформы ў нас у 1990-ыя гады праводзіліся "ня так", валяць усё на Саюз правых сілаў, кажуць, то яны б лепей зрабілі. То бок -- хлусяць па-просту, хлусяць дзеля сваіх амбіцыяў, каб некуды патрапіць.

Ну а Пуцін... Пуцін зайздросьціць славе Лукашэнкі, але наўрад ці гэтую славу трэба мець. Ён забываецца на тое, як далёка ад яго "Васьмёрка". Жыве Беларусь!"

Задаць пытаньні можна тут.
XS
SM
MD
LG