Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя з выкананьнем правоў вернікаў у Беларусі пагаршаецца


Алесь Дашчынскі, Менск На сядзібе БНФ сёньня прэзэнтавалі “Маніторынг парушэньняў правоў хрысьціянаў у Беларусі ў 2006 годзе”. Дакумэнт падрыхтавала грамадзянская ініцыятыва “Хрысьціянскі праваабарончы дом”.

Кіраўніца праекту “Хрысьціянскі праваабарончы дом” Марыя Савушкіна паведаміла:

“Адметнасьцю 2006 году зьяўляецца тое, што ўпершыню за рэлігійную дзейнасьць хрысьціяне былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

Гэта выпадак з царквой “Запавет Хрыста” і з пастарам гэтай царквы Георгіем Вязоўскім. А таксама выпадак, калі за арганізацыю сэмінару з удзелам замежнага прапаведніка юрыст Сяргей Шаўцоў быў арыштаваны на 10 сутак.

Раней такога не было, і гэта такая сумная канстатацыя, што парог такога ціску перайшоў са штрафаў і папярэджаньняў да непасрэдна арышту і адбыцьця пакараньня”.


Юрысты цьвердзяць, што летась значна пабольшалі штрафы за правядзеньне рэлігійных мерапрыемстваў без дазволу.

Таксама ўлады адмовілі многім замежным сьвятарам (асабліва каталіцкім), якія хацелі працаваць у Беларусі.

Упершыню летась вернікі эвангельскай і каталіцкай канфэсіяў зьвярнуліся да галадоўкі.

Марыя Савушкіна кажа, што маніторынг парушэньняў працягваецца:

“Сытуацыя пагаршаецца, і таму мы працягваем весьці маніторынг. Падтрымліваем інфармацыйна і юрыдычна хрысьціянаў розных канфэсіяў, якія церпяць ад уціску ўладаў.

Вось паступіла інфармацыя з Горадні пра тое, што там пракуратура вынесла папярэджаньне галоўнаму брату ў праваслаўным брацтве. За тое, што зьбіраецца гэтае брацтва для малітвы й ня мае для гэтага афіцыйнага дазволу”.


Падчас прэзэнтацыі сябра назіральнай рады “Хрысьціянскі праваабарончы дом” Валянціна Трыгубовіч згадала, што яшчэ ў 2002 годзе праваабаронцы выступалі супраць прыняцьця новага закону аб свабодзе сумленьня:

“Спачатку былі актыўныя спробы не дапусьціць тых артыкулаў, якія будуць дыскрымінаваць вернікаў. Не ўдалося некаторых артыкулаў адмяніць. І цяпер бачым, што прадказаныя парушэньні паводле гэтага закону — усе збываюцца.

Яшчэ адна новая група праваабаронцаў занялася правамі большасьці ў нашай краіне — правамі хрысьціянаў. І тут у дачыненьні большасьці мы бачым тую самую сытуацыю — правы і гэтай большасьці парушаюцца дзяржавай гэтак жа, як і правы іншых сацыяльных груп, таксама большасьці. Як, скажам, права беларусаў на карыстаньне беларускай мовай”.


Сябра аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі аб’явіў падчас прэзэнтацыі пра збор подпісаў за зьмену закону аб свабодзе сумленьня:

“Гэта кампанія ў абарону царквы ад ганеньняў. Бо сёньня царква ў Беларусі церпіць.

Мы лічым — як хрысьціяне, якія займаюцца палітыкай, — што першая задача, якую нам трэба зрабіць, — дбаць аб бясьпецы царквы. У тым ліку і палітычнымі мэтадамі.

Найперш гэтая кампанія мае арганізаваць вернікаў для абароны сваіх правоў, у абарону царквы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG