Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічныя дэманстрацыі — сіла ці слабасьць дэмакратычных інстытутаў?


Ганна Соўсь, Менск Апошні час у некаторых постсавецкіх краінах, такіх як Расея, Украіна і Кыргызстан, адбываюцца масавыя вулічныя дэманстрацыі. Вулічныя акцыі сьведчаць пра сілу альбо слабасьць дэмакратычных інстытутаў у грамадзтве?

“Вулічныя дэманстрацыі сьведчаць пра тое, што ёсьць грамадзянская супольнасьць”

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што калі ўлады не разганяюць вулічных дэманстрацыяў, гэта сьведчыць пра нармальнасьць грамадзтва.

“Гэта сьведчаньне таго, што ёсьць грамадзянская супольнасьць, і таго, што ўлада ставіцца з павагай і ўвагай да акцыяў вулічнага дэманстраваньня.

У краінах стабільнай і надзейнай дэмакратыі вулічныя дэманстрацыі таксама бываюць. Яны бываюць у Злучаных Штатах, у Францыі, у Нямеччыне з самых розных нагодаў, зь якімі можна згаджацца і не згаджацца. Але яны безупынна бываюць.

Тое, што ў Расеі ўдзельнікаў масавых акцый дубасяць, прэвэнтыўна і пост-фактум садзяць у каталажкі, — і гэта пры тым, што бальшыня народу там рэальна падтрымлівае імпэрскую палітыку, паказвае, што там няма дэмакратыі”.

А вось меркаваньне лідэра Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна, які летась адседзеў у турме 14 сутак як адзін з арганізатараў “Чарнобыльскага шляху”:

“Безумоўна, прысутнасьць дэманстрацый, калі гэта талерантна ўспрымаецца ўладамі, калі самі дэманстрацыі й шэсьці не парушаюць грамадзкага парадку і не перашкаджаюць іншым грамадзянам... Безумоўна, калі ёсьць такое права на дэманстрацыі, шэсьці й мітынгі, і яно рэалізуецца, гэта гаворыць пра дэмакратычныя ўстоі ў грамадзтве гэтых краінаў”.

“Вулічныя дэманстрацыі ёсьць голасам народу”

Зьміцер Хведарук — адзін зь лідэраў незарэгістраванага “Маладога фронту”, актыўны ўдзельнік вулічных акцый, кажа:

“Якраз вулічныя дэманстрацыі ёсьць голасам народу. А паколькі голас народу ёсьць голасам Божым, то, як я мяркую, вулічныя акцыі насамрэч гэта моц дэмакратычных інстытуцый.

У Беларусі, на вялікі жаль, і прыхільнікі дэмакратыі ня могуць вывесьці на вуліцы шмат сваіх прыхільнікаў, і прыхільнікі ўлады тым больш ня могуць вывесьці людзей. Я маю на ўвазе 20—30 тысяч чалавек.

Напрыклад, узяць пытаньне беларускіх студэнтаў — у іх цяпер забіраюць апошнія льготы. Калі б гэта адбылося ў той жа Францыі ці ЗША, студэнты ўсіх унівэрсытэтаў яшчэ раз сказалі б сваёй дзяржаве, што так нельга”.

“Некаторыя масавыя выступленьні арганізоўваюць спэцслужбы”

Адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі адзначае, што ў многіх постсавецкіх краінах у правядзеньні вулічных акцыяў пэўную ролю адыгрываюць спэцслужбы.

“Часам там масавыя мерапрыемствы, я маю на ўвазе Расею, Кіргізстан, часткова Ўкраіну, калі браць “сіні” спэктар дэманстрантаў, якраз гэтыя масавыя выступленьні арганізаваныя часьцей спэцслужбамі.

Мэта іх — якраз не дэмакратычнае волевыяўленьне людзей, а якраз наадварот — як гэта ні парадаксальна, гэта праява тых слабых бакоў, якія ёсьць у дэмакратыі, калі ўсе людзі роўныя перад законам. І гэта выкарыстоўваюць спэцслужбы.

Ужо адбылася апрабацыя такіх тэхналёгіяў спэцслужбаў у Беларусі, і сёньня мы гэта назіраем у Расеі, часткова Ўкраіне і Кыргызстане”.
XS
SM
MD
LG