Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква назвала артыкул Юліі Цімашэнкі “антырасейскім маніфэстам”


Юры Дракахруст, Прага “Стрымліваючы Расею” – артыкул лідэра ўкраінскай апазыцыі Юліі Цімашэнкі пад такой назвай публікуе ў сваім красавіцкім нумары амэрыканскі часопіс “Foreign Affairs”. Расейскі МЗС выступіў з нагоды зьяўленьня публікацыі з адмысловай заявай, у якой назваў гэты тэкст “антырасейскім маніфэстам” і “спробай вярнуць сьвет у атмасфэру “халоднай вайны”.

Цімашэнка заклікае стрымліваць Расею

Артыкул лідэра ўкраінскай апазыцыі мае падзагаловак “Крыніцы расейскіх паводзінаў”. Гэта сьвядомы парафраз знакамітага артыкулу Джорджа Кэнана “Крыніцы савецкіх паводзінаў”, апублікаванага ў тым жа часопісе у 1947 годзе. Менавіта тая, 60-гадовай даўніны, публікацыя стала ідэалягічнай асновай амэрыканскай палітыкі стрымліваньня, якая праводзілася да распаду камуністычнай сыстэмы. Зараз Цімашэнка заклікае стрымліваць Расею.

Яна піша, што напачатку 90-х гадоў Захад засяродзіўся на падтрымцы расейскіх рэформаў, але гэта ня можа замяніць высілкі па супрацьдзеяньні спрадвечнаму расейскаму экспансіянізму – адзначае Цімашэнка. Паводле яе, Расея ахоплівае геапалітычны цэнтар сьвету і зьяўляецца прадаўжальнікам бязьлітаснай імпэрскай традыцыі.

Цімашэнка заклікае Захад адмовіцца ад сэпаратных дамоваў з “Газпромам”, які пагражаюць плянам Эўразьвязу пабудаваць трубаправоды ў абыход Расеі. Яна таксама раіць ужываць адносна “Газпрому” такія ж антыманапольныя меры, якія Эўразьвяз ужывае адносна кампаніі “Microsoft”.

“З-за прытоку нафтагазавых даходаў Крэмль страціў пачуцьцё прапорцыяў”

Паводле лідэра ўкраінскай апазыцыі, дзейнічаць трэба неадкладна, бо залежнасьць ад расейскіх энэргапаставак будзе толькі павялічвацца.

“На жаль палітычныя лідэры маюць найменьшае ўяўленьне пра тое, што трэба рабіць, калі спэктар магчымасьцяў найбольш шырокі”, – піша Цімашэнка і прыгадвае ў якасьці прыкладу франка-брытанскую палітыку патураньня Гітлеру ў 30-х гадох.

Яна мяркуе, што з-за прытоку нафтагазавых даходаў Крэмль страціў “пачуцьцё прапорцыяў” і каб вярнуць яго ў рэчаіснасьць патрэбная скаардынаваная палітыка Захаду па ўсіх накірунках: ад праблемаў дэмакратыі, Чачні і Косава – да транзытнага пратаколу да Энэргэтычнай хартыі, Ірану і паводзінаў у адносінах да суседзяў.

Былыя савецкія рэспублікі сутыкнуліся з эканамічным удушэньнем з боку Расеі

Гэтыя ідэі Юлія Цімашэнка выклала таксама ў скарочаным выглядзе ў артыкуле, апублікаваным ўчора ў ”International Herald Tribune”.

Яна піша, што Крэмль запалохвае суседнія дзяржавы, былыя савецкія рэспублікі, такія, як Грузія, сутыкнуліся фактычна з эканамічным удушэньнем.

Цімашэнка раіць адкрыта зьвязаць уступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю з ратыфікацыяй Масквой Энэргетычнай хартыі і транзытнага пратаколу да яе, што забясьпечыла б доступ да расейскага трубаправоду канкурэнтаў “Газпрому”. На думку лідэра ўкраінскай апазыцыі, рэформам у Расеі можа пашкодзіць сытуацыя, калі Захад будзе заплюшчваць вочы на яе экспансіянісцкія прэтэнзіі – палітычныя ці эканамічныя.

Незалежнасьць рэспублік, якія аддзяліліся ад СССР, у тым ліку і Ўкраіны, не павінна маўкліва ігнаравацца Захадам – піша Цімашэнка ў “International Herald Tribune”.

Што абурыла расейскі МЗС?

Яе артыкул у “Foreign Affairs” стаў падставай для адмысловай заявы прэсавай службы МЗС Расеі. У ёй адзначаецца, што звычайна зьнешнепалітычнае ведамства Расеі не камэнтуе публікацыі ў замежных СМІ, але “ёсьць падставы зрабіць выключэньне з правілаў”. МЗС Расеі называе артыкул Цімашэнкі “антырасейскім маніфэстам”, у заяве гаворыцца, што тыя, хто рыхтаваў гэты артыкул, сумуюць па мінуламу, па-вайсковаму простым адносінам у Эўропе.

“Нельга недаацэньваць спробы павярнуць час назад. У любым выпадку Расея ня дасьць уцягнуць сябе ў новую канфрантацыю, для якой няма ніякіх аб’ектыўных падставаў” – гаворыцца ў заяве расейскага МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG