Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія дэмакраты прапануюць уладам разам адзначыць чарнобыльскую гадавіну


Радыё Свабода Магілёўская аб’яднаная дэмакратычная кааліцыя прапанавала магілёўскай уладзе разам адзначыць дваццаць першую гадавіну чарнобыльскай трагедыі. Адпаведны зварот падпісаны кіраўнікамі партыйных арганізацыяў Магілёва днямі адпраўлены старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Віктару Шорыкаву.

Зварот падпісалі кіраўнікі гарадзкіх арганізацыяў партыі БНФ Зьміцер Салаўёў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юры Новікаў, Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Сяргей Стральцоў, а таксама кіраўнікі незалежнага прафсаюзу радыё электроннай прамысловасьці Галіна Лісіцына і свабоднага прафсаюзу Сяргей Фамін. Свой подпіс пад зваротам паставіў кіраўнік аргкамітэту ў стварэньні партыі Свабоды і Прагрэсу Аляксандар Сілкоў.

Партыйныя актывісты ў сваім звароце параўноўваць наступствы чарнобыльскай трагедыі для Беларусі з наступствамі другой усясьветнай вайны. Магілёўскія партыйныя лідэры просяць уладу паінфармаваць іх пра жалобныя мерапрыемствы, якія адбудуцца 26 красавіка. У сваім звароце актывісты просяць Віктара Шорыкава даць магчымасьць выступіць на традыцыйным жалобным мітынгу прадстаўніку аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі.

Магілёўская аб’яднаная дэмакратычная кааліцыя акрамя іншага правядзе 26 красавіка мітынг-рэквіем ля крыжа памяці па ахвярах чарнобыльскай трагедыі. Крыж памяці ўсталяваны магілёўскімі дэмакратамі ў 1997 годзе пры дарозе на найвялікшыя гарадзкія паўднёва-ўсходнія могілкі.
XS
SM
MD
LG