Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пачуўшы Сярэдзіча на дзяржаўным радыё, я вушам сваім не паверыла”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з адметных падзеяў мінулага тыдня — прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта Лукашэнкі, у якой упершыню за апошнія гады змаглі ўдзельнічаць прадстаўнікі некаторых незалежных мэдыяў.

Тое, што на адрас кіраўніка дзяржавы прагучала некалькі вострых пытаньняў, якія даўно не гучалі ў афіцыйным эфіры, не засталося не заўважаным і слухачамі “Свабоды”. Зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову.

Аўтар аднаго з такіх водгукаў — наш даўні слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў. У электронным лісьце ён піша:

“У сыстэме кіраваньня дзяржавай незалежныя СМІ зьяўляюцца адным з асноўных элемэнтаў зваротнай сувязі (дарэчы, як і сумленныя, дэмакратычныя выбары).

З парушанай зваротнай сувязьзю любая сыстэма кіраваньня (хоць у тэхніцы, хоць у грамадзтве) або будзе працаваць у неаптымальным рэжыме зь вялікімі выдаткамі, або стане няўстойлівай. Гэта вам скажа любы студэнт адпаведнай спэцыяльнасьці.

Аб’ектыўных, навукова абгрунтаваных законаў прэзыдэнцкім указам не адменіш. Так што ня варта, Аляксандар Рыгоравіч, так зацята змагацца з “Народнай воляй”: дабром ня скончыцца…

Што тычыцца самога прэзыдэнта, то ад яго пасьля прэс-канферэнцыі засталося даволі цяжкае, супярэчлівае ўражаньне. Падобна на тое, што страх пасяліўся ў ягонай, як вельмі трапна сказаў Зянон Пазьняк, “адвечна пакрыўджанай душы”.

Апошнім часам любыя словы, падзеі, рэчы і людзі, якія ўяўляюць нават самую нязначную небясьпеку прэзыдэнцкай пасадзе, выклікаюць у яго неадэкватную, добра прыкметную нэрвовую рэакцыю і неадэкватныя дзеяньні ўладаў у цэлым. Так і хочацца спытаць у Лукашэнкі: “А што, вам ёсьць чаго баяцца?”


Заўважу, спадар Кастусь, што галоўныя рэдактары незалежных мэдыяў, у якіх мы бралі інтэрвію неўзабаве пасьля той прэсавай канфэрэнцыі, выказваліся наконт яе ў асноўным аптымістычна.

Для іх саміх нечаканасьцю стала тое, што ўпершыню за апошнія пяць гадоў такая сустрэча стала магчымай. Іншая рэч, наколькі сам гэты факт можа сьведчыць пра нейкія істотныя зьмены ў стаўленьні ўлады да незалежных мэдыяў?

Усе, хто сачыў за радыётрансьляцыяй з прэсавай канфэрэнцыі, чулі, як настойліва галоўны рэдактар “Народнай волі” Ёсіф Сярэдзіч дамагаўся пэўнага адказу наконт магчымасьці для сваёй газэты друкавацца ў Беларусі й распаўсюджвацца празь “Белпошту” і шапікі “Белсаюздруку”.

Думаю, адказ на пытаньне пра сур’ёзнасьць намераў улады нешта зьмяніць у дачыненьнях зь незалежнай прэсай будзе вядомы толькі пасьля таго, як стане відавочным адказ на тыя пытаньні Ёсіфа Сярэдзіча.

На гэту ж тэму піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Кацярына Сянкевіч зь Лідзкага раёну:

“Пачуўшы Сярэдзіча на дзяржаўным радыё, я спачатку нават вушам сваім не паверыла. Нібы на імгненьне вярнулася ў пачатак 1990-х гадоў, калі і Сярэдзіча, і Лукашэнку, і Пазьняка, і Шушкевіча можна было слухаць з раніцы да вечара ў прамых рэпартажах з сэсіяў Вярхоўнага Савету.

Можа, Лукашэнка нарэшце зразумеў, што самаізаляцыя не ідзе на карысьць ні яму, ні дзяржаве? Можа, мы цяпер назіраем паварот у палітыцы, і запрашэньне за адзін стол з Лукашэнкам “нячэсных” журналістаў — зусім не выпадковы крок, а знак Захаду, што беларуская ўлада гатовая да дыялёгу і да зьмены свайго ранейшага курсу?

Хацелася б, каб вы надавалі гэтай тэме больш увагі. Лукашэнка ўсё ж — разумны і дальнабачны палітык. Ён цьвяроза ацэньвае небясьпеку, якая навісае над яго рэжымам. І ў крытычны момант, я ўпэўненая, ён пойдзе на рэформы ў краіне — хаця б дзеля самазахаваньня”.


Наўрад ці варта пераацэньваць значнасьць гэтай прэсавай канфэрэнцыі, спадарыня Сянкевіч.

Заўважце: за некалькі дзён да яе ў Беларусі зьявіўся яшчэ адзін палітвязень — Андрэй Клімаў. А праз тыдзень у Беларусі пачнецца чарговы палітычны працэс — будуць судзіць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Калі б беларуская ўлада зьбіралася распачынаць дыялёг з Захадам і апазыцыяй, то, відавочна, спрабавала б стварыць для гэтага іншую, больш спрыяльную атмасфэру.

Дарэчы, галасы рэдактараў апазыцыйных газэт, якія ўдзельнічалі ў прэсавай канфэрэнцыі, змаглі пачуць толькі тыя, хто слухаў прамую радыётрансьляцыю ў рабочы час. Зь вечаровых тэлерэпартажаў на ўсіх дзяржаўных тэлеканалах вострыя і непрыемныя для ўлады пытаньні ў асноўным прыбралі.

Наш слухач Мікалай Зайко зь Менску разважае пра даступнасьць вышэйшай адукацыі ў Беларусі:

“З абурэньнем даведаўся пра тое, што сёлета зноў будзе скарочаная колькасьць “бюджэтных” месцаў у вышэйшых навучальных установах — ажно на сямсот. Гэта значыць, конкурс на бясплатныя месцы ўзрасьце да завоблачных вышыняў.

Мой сын у гэтым годзе заканчвае школу. Я вельмі разьлічваў на тое, што ён паступіць ва ўнівэрсытэт, будзе вучыцца за кошт дзяржавы, атрымліваць стыпэндыю. Цяпер бачу, што шанцаў у нас няшмат. Конкурс будзе, відаць, нават сярод мэдалістаў, а мой сын на мэдаль ня цягне.

І што ў такім разе ў нас наперадзе? Наш агульны сямейны бюджэт — каля васьмісот тысяч рублёў на месяц.

Калі сын паступіць на “платнае”, за вучобу давядзецца выкладваць больш як тры мільёны на год — трыста тысяч на месяц. Дзьвесьце тысяч ужо цяпер даводзіцца выкладваць за камунальныя паслугі, электрычнасьць, тэлефон. Што застанецца? Трыста тысяч на сям’ю з чатырох чалавек? Гэтага ня хопіць нават на харчаваньне. І як жыць далей?

Кіраўнікі Міністэрства адукацыі хлусяць, калі кажуць, што скарачэньне бюджэтных месцаў у ВНУ тлумачыцца тым, што ў Беларусі зьнізілася нараджальнасьць. Насельніцтва ў Беларусі пачало скарачацца з 1995 году, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. А сёлетнія выпускнікі школаў нарадзіліся ў 1990 годзе, калі з нараджальнасьцю яшчэ ўсё было ў парадку. Дык дзе ж лёгіка ў такім скарачэньні?”


Лёгіка, спадар Зайко, у тым, што ні чыноўнікі Міністэрства адукацыі, ні кіраўніцтва ўраду асабліва не хаваюць, што ў пэрспэктыве бачаць сыстэму вышэйшай адукацыі цалкам пераведзенай на камэрцыйныя рэйкі, платнай.

Іншымі словамі, колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ скарачалася ўсе апошнія гады й будзе скарачацца ў далейшым — аж пакуль такіх месцаў не застанецца ўвогуле (альбо застанецца нязначная колькасьць для льготнікаў).

Думаю, ня толькі вы, спадар Зайко, лічыце, што з прынцыпамі сацыяльна арыентаванай дзяржавы такая стратэгія мае мала агульнага.

Асабліва ўлічваючы той факт, што для сям’і зь сярэднім паводле беларускіх стандартаў дастаткам (у якой муж і жонка атрымліваюць 200—250 даляраў на месяц) платная вышэйшая адукацыя дзяцей становіцца фактычна недаступнай.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Марк Саньнікаў з Добрушу:

“У Беларусі не адзін мільён аўтамабіляў, значная частка якіх — вельмі сталага ўзросту, дваццаць-трыццаць і больш гадоў. І ў той жа час у нас няма ніводнага спэцыялізаванага заводу для ўтылізацыі машын, якія адслужылі свой век. А для краіны з абмежаванымі сыравіннымі запасамі гэта магло б стаць шчодрай крыніцай дадатковых рэсурсаў.

Цяжка існаваць у краіне, дзе на самым высокім узроўні не імкнуцца весьці свой народ за цывілізаваным сьветам. Вядомы прынцып плянавай сацыялістычнай гаспадаркі дзейнічае ў Беларусі і сёньня, хоць Савецкага Саюзу даўно няма, і ўсе ведаюць, чаму ён разваліўся…”


І яшчэ адзін ліст, аўтар якога Мікалай Іваноў які жыве ў нямецкім горадзе Бэкуме:

“Мяне радуе, што Беларусь захавала сваю незалежнасьць, цэласнасьць і не распрадае зямлю замежным грамадзянам. Пажаданьне ўсім вашым партыям такое: аб’ядноўвайцеся і вырашайце ўсе жыцьцёвыя пытаньні й праблемы самастойна, за круглым сталом, у згодзе і ладзе.

Не спадзявайцеся, што недзе нехта за мяжой зацікаўлены ў вашым дабрабыце і цудоўным шчасьлівым жыцьці. Такое жыцьцё вы можаце стварыць для сябе толькі самі. Ніхто за мяжой ня зробіць таго, што павінны зрабіць самі беларусы”.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG