Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярузэльскаму прад''яўленыя абвінавачваньні за ваеннае становішча


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былому камуністычнаму кіраўніцтву Польшчы на чале з Войцехам Ярузэльскім прад’яўленыя абвінавачаньні за ўвядзеньне 26 гадоў таму ў краіне ваеннага становішча.

Генэрал Войцех Ярузэльскі, былы міністар унутраных справаў генэрал Чэслаў Кішчак і былы першы сакратар ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі Станіслаў Каня – галоўныя абвінавачаныя ў справе аб увядзеньні ваеннага становішча ў сьнежні 1981 году.

Іх разам зь яшчэ шасьцю былымі вышэйшымі кіраўнікамі народнай Польшчы, абвінавачваюць у “камуністычным злачынстве”, якое палягала у “кіраваньні злачыннай групай, што мела на мэце зьдзяйсьненьне злачынстваў”.

"Асабліва калі гаворка ідзе пра польскае войска. Аўтары ваеннага становішча папросту выкарысталі войска, каб расправіцца з масавым грамадзкім рухам «Салідарнасьць», -- заявіў пракурор Пётр Пёнтэк, які вядзе сьледзтва.

Абвінавачаньні грунтуюцца перадусім на тым, што Ярузэльскі, уводзячы ваеннае становішча, парушыў Канстытуцыю, бо такія захады можна было рабіць выключна ў часе, калі не працаваў парлямэнт, а Сэйм 12 сьнежня 1981 году як раз меў сэсію.

Акрамя гэтага, паводле пракурора Пёнтка, пагрозы савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчу не было – а менавіта гэтым матывуюць былыя камуністычныя кіраўнікі прыняцьце дэкрэту аб ваенным становішчы.

Між тым былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў выступіў у абарону Войцеха Ярузэльскага, заявіўшы, што ён як раз абараняў ПНР.
XS
SM
MD
LG