Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандр Казулін можа застацца без адваката?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня менская абласная калегія адвакатаў разгледзіць сытуацыю вакол адваката Аляксандра Казуліна – Ігара Рынкевіча, які напярэдадні падаў заяву аб звальненьні, матывуючы яе палітычнымі прычынамі. Ці будзе звольнены Ігар Рынкевіч і ці не прывядзе ягоны сыход з калегіі адвакатаў да таго, што без абароны застанецца экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін?

Асоба адваката Ігара Рынкевіча зноў у цэнтры ўвагі. 5 дзён таму ён падаў заяву аб звальненьні зь юрыдычнай кансультацыі. Ігар Рынкевіч напісаў, што сыходзіць добраахвотна, каб не падвяргаць ціску сваіх калегаў, супраць якіх Міністэрства юстыцыі нібыта рыхтуе спагнаньні.

(Рынкевіч:) “Нядаўна мне сказалі не даваць інтэрвію па справе Казуліна. Потым спрасьцілі: адкажы, з кім ты кантактуеш ў гэтай справе, з якімі фізычнымі і юрыдычнымі асобамі? Я адмовіў. Потым сказалі не чапляць тэму нелегітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі і ўсё ў мяне будзе добра. Я і тут не спыніўся, і пераказваў пра гэта ўсё, што казаў Аляксандр Казулін наконт нелегітымнасьці. А апошняй кропляй для іх было тое, што мы падалі заяву аб прыцягненьні да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў”.

Аднак Ігар Рынкевіч не выключае, што сёньня адкліча сваю заяву аб звальненьні. І тады калегіі адвакатаў усё ж давядзецца самой прымаць рашэньне, ці накладаць на яго спагнаньне, якое прывядзе да пазбаўленьня ліцэнзіі. У адвакацкім асяродку гэта будзе лічыцца вельмі дрэнным крокам. Адвакат нагадвае, што ўжо выйграў адміністрацыйны працэс супраць сябе ў судзе, дзе даказаў, што не парушаў грамадзкі парадак падчас выбарчай кампаніі. Нагадаю, міліцыянты затрымалі Ігара Рынкевіча пасьля арышту Аляксандра Казуліна 3-га сакавіка 2006 году і абвінавацілі ў хуліганстве, але суд стаў на бок адваката.

Ці прывядзе магчымае звальненьне да таго, што Аляксандр Казулін застанецца без адваката? Ігар Рынкевіч нагадвае, што ягоны калега Зьміцер Гарачка, які падчас суду абараняў экс-кандыдата на прэзыдэнта, гатовы і далей аказваць яму паслугі. Іншым варыянтам ёсьць абарона аднаго грамадзяніна другім, што таксама прадугледжвае закон.

(Рынкевіч:) “Яшчэ два месяцы таму я падаў такую заяву на імя начальніка калёніі, у якой патрабаваў, каб мне перадалі даверанасьць ад Казуліна на абарону яго як грамадзянін грамадзяніна. Праўда, дагэтуль выдачу гэтай даверанасьці блякуюць”.
XS
SM
MD
LG