Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія помнікі: пад аховай і пад пагрозай


Ігар Карней, Менск Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцінаў У сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі болей за 4800 аб’ектаў. Апроч нацыянальнага рэестру, асобныя ўнесеныя ў сьпіс гістарычнай спадчыны ЮНЭСКА. Самыя вядомыя – Белавеская пушча, Мір, Нясьвіж, геадэзічная “Дуга мэрыдыяну Струвэ”. Кандыдаты на пашырэньне сьпісу – Аўгустоўскі канал і культурная прастора Ўсходняга Палесься. Пра стан помнікаў наш карэспандэнт размаўляў са спэцыялістамі.

Ад амаль 5000 гісторыка-культурных аб’ектаў Беларусі 4600 – матэрыяльныя. Бальшыня патрабуе тэрміновага аднаўленьня, аднак з-за браку фінансаваньня ўрад вызначыў паўсотні прыярытэтных, якія будуць даводзіцца да ладу ў першую чаргу. Няцяжка падлічыць, праз колькі часу з такімі хуткасьцямі можна будзе рапартаваць пра заканчэньне працаў – амаль праз стагодзьдзе.

А вось сядзібе слыннага грамадзкага дзеяча і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі на Смаргоншчыне пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў “стаяньня ў чарзе” можа падфарціць. Як паведаміў старшыня Нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЭСКА Ўладзімер Шчасны, неўзабаве адбудзецца пасяджэнне наконт аднаўленьня месца, дзе, лічыцца, зьявіўся на сьвет славуты палянэз Агінскага “Ля-мінор” (“Разьвітаньне з Радзімай”):

(Шчасны:) “На тэлебачаньні такія ўжо панурыя рэпартажы пра Залесьсе, у іншых СМІ. Але ніхто ні слова не сказаў, што нешта робіцца і робіцца даволі грунтоўна. У прыватнасьці, праект гатовы, ён узгоднены, прайшоў экспэртызу, унесеныя ўсе папраўкі да ранейшага варыянту. І справа ў тым, што і грошы выдаткоўваюцца ўжо ў гэтым годзе. Так што справа пачнецца”.

На здымку: сядзіба Агінскага ў Залесьсі чакае абяцанай дапамогі



Як кажуць незалежныя экспэрты, у сучасным беларускім грамадзтве назіраецца “перакос” у бок аднаўленьня не ўнікальных аб’ектаў, а перадусім тых, якія хіба з нацяжкай прэтэндуюць на статус гістарычных каштоўнасьцяў.

Начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Васіль Абламскі наўпрост кажа: і так званы гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” у Заслаўі, і аналягічныя збудаваньні пад Полацакам і Гародняй ёсьць “складнікамі” гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў:

(Абламскі:) “Усё, што зьвязана з гістарычнымі падзеямі, якія паўплавалі на хаду разьвіцьця грамадзтва, безумоўна, мае інтарэс. “Лінія Сталіна” ўваходзіць у дзяржаўныя сьпісы як фартыфікацыйнае збудаваньне таго пэрыяду, як элемэнт абарончых збудаваньняў, якія былі па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Полацкае ўмацаваньне пакуль не ў дзяржаўных сьпісах, але калі будуць праведзеныя працы, фрагмэнты фартыфікацыі будуць уяўляць навуковы, пазнавальны, турыстычны інтарэс. І, безумоўна, гэта будзе захоўвацца на самым высокім узроўні”.

Як рэзюмуе гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, у Беларусі калі штосьці і робіцца, то ў асноўным не дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, а коштам прыватных ініцыятываў і замежных інвэстыцый:

(Харэўскі:) “Усё робіцца нейкім цудам. Як, дапусьцім, музэй у Гудзевічах -- якую ён атрымлівае дзяржаўную дапамогу? Што сталася з унікальным мячэтам ХVII стагодзьдзя зь вёскі Даўбучышкі Смаргонскага раёну? Каб ён заставаўся на тым месцы, то, пэўна, нехта пакрыў бы рубэройдам і зьявілася б пяць мусульманаў. Але за 20 гадоў мячэт ударна пераўтвораны ў парахню на складох музэя ў Строчыцах. Ня мае права дзяржава запісваць у свой актыў стварэньне музэя Шагала ў Віцебску. Каб не ініцыятыва людзей, якім гэта насамрэч было цікава, каб не дапамога сям’і Шагала і габрэйскіх арганізацый, мы ня мелі б гэтага музэя. У Заслаўі, побач з “Лініяй Сталіна”, у выніку вяртаньня царквы на Замчышчы раскурочаны музэй. Раскошная ідэя стварыць з Заслаўя гэткія беларускія Трокі ляснулася з-за браку фінансаваньня і паэтапна выветрылася ўвогуле. І так, паверце, робіцца паўсюдна!”.

Спэцыялісты ў галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры канстатуюць: у Беларусі досыць спэцыфічны абыходзяцца нават з помнікамі, уключанымі ў пералік ЮНЭСКА. Самы ўразьлівы для гісторыкаў і архітэктараў прыклад -- руйнаваньне сьценаў Нясьвіскага замку на той падставе, што мясцовыя рэстаўратары ня могуць іх аднавіць. Аднак міжнародныя нормы катэгарычна забараняюць самавольна перабудоўваць такія аб’екты. І ўжо зусім абурае экспэртаў “камэрцыялізацыя” гістарычнага цэнтра Менску – з руйнаваньнем сярэднявечных муроў і зьнішчэньнем цэлых архітэктурных ансамбляў.
XS
SM
MD
LG