Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У ПАРЭ чакаюць рухаў зь беларускага боку</B>


Радыё Свабода, Страсбур Сёньня ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы праходзяць слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі . Напярэдадні прайшла прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў асамблеі, на якой прысутнічала карэспандэнтка украінскай службы нашага радыё Натальля Вікуліна.

Андрэа Рыгоні, дакладчык па сытуацыі ў Беларусі, заявіў, што Рада Эўропы павінна зрабіць так, каб былі нейкія крокі наперад па шляху дэмакратыі. "Мы не павінны адступаць. Мы павінны дасягаць невялічкіх кампрамісаў, каб рушыць наперад", - сказаў спадар Рыгоні.

Рэнэ ван дэр Ліндэн, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што першае, што павінна адбыцца – гэта рух зь беларускага боку. Пасьля яго візыту быў дакладны сыгнал з боку Рады Эўропы, што яна гатовая, што яна шукае шляхі ўзаемаразуменьня, каб Беларусь наблізілася да стандартаў Рады Эўропы. "Трэба, каб Беларусь паказала, што яна робіць гэта, цяпер настала чарга Беларусі", - заявіў Рэнэ ван дэр Ліндэн.

На пытаньне, што 10 гадоў таму Беларусь была пазбаўленая статусу адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы, але гэта не дапамагло дэмакратызацыі Беларусі, Рэнэ ван дэр Ліндэн адказаў: "Беларусь яшчэ ня рухаецца ў напрамку Эўропы. Але я маю ўражаньне, што ўсё больш людзей у Беларусі хочуць рабіць крокі ў гэтым накірунку, і гэта можа дапамагчы далейшаму супрацоўніцтву паміж Радай Эўропы і Беларусьсю".

Андрэс Хэркель, старшыня падкамітэту ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, сказаў, што дыялёг павінен адбывацца паміж дэмакратычна арыентаванымі бакамі. "Не было б добрым пачаткам, калі б такі дыялёг пачынаўся інакш", - сказаў ён.

Паводле яго, перадумовай дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам ці іншымі міжнароднымі арганізацыямі зьяўляецца дыялёг унутры краіны – паміж апазыцыяй і ўладамі. На пытаньне, ці лічыць ён , што ўжо цяпер адбываецца такі дыялёг, спадар Хэркель адказаў, што такі дыялёг мае пэўныя перадумовы – па-першае, трэба стварыць у краіне нармальныя ўмовы дзеяньня свабодных СМІ, якія б прадстаўлялі розныя думкі розных палітычных сілаў.

Спадар Хэркель таксама сказаў, што дыялёг зь якімі б то ні было эўрапейскімі арганізацыямі Беларусь можа пачаць толькі пасьля таго, як вызваліць палітычных вязьняў.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы выступіў таксама Аляксандар Мілінкевіч. Ён сказаў, што ПАРЭ ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і што яе ацэнкі – аб''ектыўныя і дастаткова дакладныя. Мілінкевіч падкрэсьліў важнасьць таго, каб Рада Эўропы надавала ўвагу адукацыйным праграмам у Беларусі, каб у Беларусі ведалі пра эўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасьці.

І Аляксандар Мілінкевіч, і Анатоль Лябедзька заклікалі правесьці спэцыяльную канфэрэнцыю па Беларусі. Лябедзька таксама заклікаў вызваліць Андрэя Клімава і Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG