Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: Сержуку Гумінскаму прысудзілі 12 сутак арышту


Радыё Свабода, Ворша Затрыманага ўчора моладзевага актывіста судзілі сёньня ў аршанскім гарсудзе, незаважаючы на выходны дзень. Судзьдзя Сяргей Бондараў прызнаў Гумінскага вінаватым у дробным хуліганстве.

Паводле судовае пастановы, моладзевы актывіст мусіць 12 сутак правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Зь мінулага вечара ён ужо знаходзіўся пад вартай: пасьля ўчорашняга затрыманьня і складаньня пратаколаў дадому хлопца ўжо не адпусьцілі, і ноч ён правёў у міліцэйскім пастарунку.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” учора каля 5-й вечара. Афіцыйная прычына затрыманьня – нецьвярозы стан і брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы. Аднак мэдычная экспэртыза не пацьвердзіла, што Сяржук Гумінскі ўжываў алькаголь. А ў якасьці сьведак антыграмадзкіх паводзінаў моладзевага актывіста на судзе выступілі толькі міліцыянты, якія праводзілі затрыманьне.

Паплечнікі Гумінскага лічаць ягонае затрыманьне прэвэнтыўнай мерай — каб хлопец ня ўдзельнічаў у агульнагарадзкой акцыі, прысьвечанай Чарнобыльскай трагедыі. Заяўку на правядзеньне агульнагарадзкой імпрэзы ў суботу, 28-га красавіка, мясцовыя актывісты ўжо падалі ў выканкам. Сяржук Гумінскі мае вызваліцца толькі 29-га красавіка.
XS
SM
MD
LG