Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: што трэба зрабіць, каб не было занядбаных магілаў?


Радыё Свабода Прыйшла Радаўніца. Што трэба зрабіць, каб не было занядбаных магілаў? Хто павінен даглядаць магілы, калі не засталося сваякоў? Ці мусяць гэтым займацца камунальныя службы? Іна Студзінская задавала гэтыя пытаньні менчукам.

Юнак: “Гэта, пэўна, вялікая бяда беларушчыны, што губляецца повязь дзяцей і бацькоў, дзяцей і дзядоў. У нашай краіне ня хочуць выхоўваць сапраўдных маладых людзей, якія будуць памятаць пра мінулыя пакаленьні, пра людзей, якія былі да іх, ня вучаць паважаць і шанаваць вось гэтую повязь духоўную”.

Спадарыня: “Я лічу, што трэба выхоўваць моладзь, наступныя пакаленьні, каб яны шанавалі сваіх бацькоў, прадзедаў — і ня толькі сваіх. А ўсіх тых, якія стварылі нашу бацькаўшчыну”.

Спадарыня: “Трэба часьцей прыходзіць на могілкі, на сьвяты — і ня толькі. Прыходзіць зь дзеткамі, пакласьці кветачкі, нагадаць, распавесьці пра гісторыю бабуляў, дзядуляў”.

Спадар: “Я ня ведаю, што зрабіць. Гэта, канечне, залежыць ад сьвядомасьці людзей. Але, па-мойму, у Беларусі на гэтае сьвята ўсе ходзяць на могілкі й прыбіраюць. Зусім занядбаных магілак няма”.

Карэспандэнтка: “Вось што трэба зрабіць, каб не было занядбаных, недагледжаных магілаў?”

Спадар: “Каб не было рэзруху на могілках, яшчэ Булгакаў сказаў, што рэзрух у нас саміх. Вось калі ў нас яго ня будзе, ня будзе яго і на могілках”.

Бабуля: “Проста моладзь да гэтага яшчэ не прывучаная. Ня хоча проста ведаць, а каб прыбраць... Вось у нас, да прыкладу, тут бацька пахаваны, мы выграблі лісьце і з суседняй магілы, куды ніхто ня ходзіць. Можа, нам гэта залічыцца... Гэта пакуль мы яшчэ ходзім на могілкі...”

Карэспандэнтка: “На вашу думку, можа, камунальныя службы павінны даглядаць забытыя магілы?”

Бабуля: “Так, яны таксама павінны прыбіраць”.

Спадарыня: “Калі чалавек самотны застаўся, нейкія зьберажэньні павінны ісьці ў нейкі сацыяльны фонд, каб гэтыя сродкі потым накіроўваліся на дагляд магілы, каб супрацоўнікі могілак глядзелі потым магілу”.

Спадар: “Трэба памятаць сваіх продкаў і шанаваць мінуўшчыну”.

Спадарыня: “Калі ёсьць родныя, сваякі, забавязаць іх трэба — павінны даглядаць магілы, хоць і далёкія сваякі. А калі зусім нікога няма, і прайшло ўжо сорак-пяцьдзясят гадоў, трэба хаваць на гэтых месцах іншых”.

Спадарыня: “Трэба ведаць, якія ёсьць у нашым соцыюме супольнасьці. Папрасіць, даручыць адной з грамадзкіх супольнасьцяў займацца даглядам магілаў. Я б таксама была сябрам такой супольнасьці й гатова заняцца такімі высакароднымі справамі”.

Спадар: “Найперш гэта выхаваньне ў сям’і. Калі гэтага ня будзе, нічога іншага не дапаможа”.

Спадарыня: “У каго нікога не засталося, каб глядзець магілу, можа, сапраўды, нейкія адмысловыя камунальныя паслугі патрэбныя”.

Спадарыня: “Найперш наша чалавечая сьвядомасьць. Наша бяда ў тым, што мы прызвычаіліся патрабаваць ад некага, але не ад сябе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG