Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры гавораць пра агульную пазыцыю Эўропы адносна Беларусі


Радыё Свабода Сёньня ў Страсбуры, дзе праходзіць сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, увечары адбудзецца паседжаньне спэцыяльнага падкамітэту па Беларусі.

Пра жаданьне ўдзельнічаць у дыскусіі заявілі кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рэнэ ван дэр Ліндэн, дакладчык у справах Беларусі Палітычнага камітэту Андрэа Рыгоні ды іншыя ўплывовыя эўрапейскія палітыкі.

На дэбаты запрасілі й апазыцыйных беларускіх палітыкаў — Анатоля Лябедзьку, Анатоля Ляўковіча, Аляксандра Мілінкевіча, Валер’я Ўхналёва.

Паседжаньне падкамітэту пачынаецца ў 19.30 паводле менскага часу. А раніцай беларускія палітыкі сустракаліся з эўрапейскімі дэпутатамі, якія прадстаўляюць усе фракцыі Парлямэнцкай Асамблеі.

Найбольш важнымі зь перамоваў, што ўжо адбыліся сёньня, яны называюць гутарку з Андрэа Рыгоні — новым дакладчыкам у справах Беларусі.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што Андрэа Рыгоні асабліва зацікавіўся арганізацыяй буйной міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай становішчу ў Беларусі.

“Я зьвярнуў увагу на тое, што ня трэба спрабаваць будаваць дачыненьні з афіцыйным Менскам з чыстага аркуша. Ёсьць пэўная гісторыя ўзаемаадносінаў Страсбуру і афіцыйных беларускіх уладаў.

І трэба дамагацца, каб тыя рэзалюцыі, якія ўжо прынятыя, былі рэалізаваныя. Гэта была такая мяккая парада спадару Рыгоні, каб ён менавіта з гэтага пачынаў сваю працу ў беларускіх справах”, — заявіў Лябедзька.

Апазыцыйныя беларускія палітыкі далі новаму дакладчыку ў справах Беларусі яшчэ адну параду:

“Лепш за ўсё прыяжджаць у Беларусь не аднаму, а ў фармаце парлямэнцкай “тройкі” ці нават “чацьверкі”. Маецца на ўвазе, што ў склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі Эўрапарлямэнту, Парлямэнцкіх Асамблеяў Рады Эўропы, АБСЭ ды, мажліва, НАТО. І каб гэта была кансалідаваная пазыцыя, і каб яны гаварылі адным голасам”.

Дагэтуль невядома, ці будуць удзельнічаць у вечаровым паседжаньні падкамітэту ў справах Беларусі прадстаўнікі Нацыянальнага сходу. Як вядома, у краіне тры дні непрацоўныя. На афіцыйных сайтах апошнія матэрыялы ад 14 красавіка.

Я пацікавіўся ў спадара Лябедзькі, ці бачыў ён кагосьці зь сябраў Нацыянальнага сходу ў Страсбуры. Вось ягоны адказ:

“Не, афіцыйнай дэлегацыі пакуль тут не заўважана. Ні фізычна, ні пахам нікога тут няма”.

Анатоль Лябедзька дадаў, што падчас віленскай канфэрэнцыі, якая прайшла на мінулым тыдні, ён чуў ад намесьніка кіраўніка літоўскай дэлегацыі ў ПАРЭ Эмануіласа Зінгерыса, што гэтым разам афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Страсбур не запрашаюць.
XS
SM
MD
LG