Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Мікалай Пушкін


Радыё Свабода Жалобная вестка прыйшла зь мястэчка Бобар, што ў Крупскім раёне Меншчыны. 13 красавіка на 83-м годзе жыцьця памёр Мікалай Пушкін — былы вязень ГУЛАГу, бацька вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна.

Ягонае жыцьцё — прыклад трагічнага шляху беларуса ХХ стагодзьдзя. Нарадзіўся 5 жніўня 1924 году ў мястэчку Бобар на Меншчыне ў сялянскай сям’і Івана і Пелагеі Пушкіных, якія не хацелі прызнаваць савецкай улады і ісьці ў калгас.

Каб не займець якога кляйма, хлопцу даводзілася быць сярод лепшых ва ўсіх школьных справах. Ён нават атрымаў значок “Варашылаўскі стралок”.

У вайну перад Мікалаем Пушкіным, як перад тысячамі іншых беларускіх падлеткаў, якія апынуліся пад нямецкай акупацыяй, паўстала дылема. Гаворыць малодшы сын Мікалая мастак Алесь Пушкін:

“У страшным млыне вайны трэба было выжыць адзінаму сыну ў бацькоў — альбо ісьці ў партызаны, альбо ісьці ў рабства ў Нямеччыну, альбо ісьці ў беларускую самаахову. Ён пайшоў у беларускую самаахову, ахоўваў мост праз раку Можа”.

У 1946 годзе Мікалай Пушкін паступіў у Менскі фінансава-эканамічны тэхнікум, дзе ў 1949 годзе яго проста на занятках арыштавалі. Высунулі абвінавачаньне ў здрадзе радзіме і этапавалі ў Чыту. Там засудзілі на 25 гадоў ГУЛАГу і яшчэ на пяць гадоў высылкі.

Пасьля сьмерці Сталіна ён быў вызвалены й вярнуўся ў 1955 годзе ў роднае мястэчка Бобар.

Працаваў на Бобарскім заводзе музычных дэталяў, быў адным з ініцыятараў адбудовы мясцовай праваслаўнай царквы, росьпіс інтэр’еру якой зрабіў ягоны сын Алесь. Выгадаваў трох дзяцей, дачакаўся чатырох унукаў.

Беспадстаўнасьць зьвінавачаньня Мікалая Пушкіна прызнала ў 1991 годзе пракуратура Расейскай Фэдэрацыі. Яго цалкам рэабілітавалі, гады зьняволеньня ў ГУЛАГу залічылі ў працоўны стаж, а на выплачаную кампэнсацыю ён купіў сабе карову.

Няспраўджаную мару Мікалая Пушкіна стаць эканамістам зьдзяйсьняе любімая ўнучка, якой дзядуля перадаў і сваю любоў да роднай мовы. Гаворыць студэнтка Менскага інстытуту працоўных і сацыяльных дачыненьняў Каця Бялькова:

“Калі я прыяжджаю сюды, то тут проста язык не паварочваецца слова сказаць па-расейску, бо тут такое месца, і сама хата, яна схіляе менавіта да беларускай мовы…

Дзеда я ніколі не забуду, ніколі. І сваім дзецям і ўнукам буду пра яго расказваць, бо такі дзед ня ў кожнага ёсьць — гэта дзед зь вялікай літары. Ён ніколі ня памятаў крыўдаў, якія яму нанесьлі людзі”.

Пра трагічны шлях звычайнага беларуса ХХ стагодзьдзя Мікалай Пушкін напісаў успаміны, якія чакаюць свайго выдаўца ўжо пасьля сьмерці аўтара.

Пахаваны Мікалай Пушкін 15 красавіка на могілках у Бабры.
XS
SM
MD
LG