Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КС Украіны разглядае справу рашэньня аб роспуску Рады


Юры Дракахруст, Прага Сёньня Канстытуцыйны суд Украіны пачаў разгляд позвы 53 дэпутаў Вярхоўнай Рады аб адпаведнасьці Канстытуцыі ўказу прэзыдэнта Юшчанкі аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах.

Нягледзчы на папярэднія заявы на сёньняшнім пасяджэньні прысутнічалі ўсе 18 судзьдзяў. Разгляд справы адбываецца ў форме неадкладнай канстытуцыйнай вытворчасьці. Напярэдадні пасяджэньня прэзыдэнт Юшчанка накіраваў ліст на імя старшыні суду Івана Дамброўскага, у якім залікаў забясьпечыць аб’ектыўнасьць рашэньня суду.

Прэзыдэнт зьвярнуў увагу на інфармацыю спэцслужбаў пра аднаго з сябраў суду, чые дзеяньні могуць разглядацца як карупцыйныя. Учора кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка паведаміў, што блізкі сваяк намесьніцы Канстытуцыйнага суду Сюзаны Станік атрымаў у падарунак нерухомасьць і зямлю ў Кіеве і ў Ялце на суму ў 12 мільёнаў даляраў.Між тым менавіта спадарыня Станік прызначаная дакладчыкам па сёньняшняй справе.

У сваім лісьце прэзыдэнт адзначыў: "Ёсьць падставы лічыць, што ў працэсе адкрыцьця пасяджэньня, прызначэньні судзьдзі дакладчыка і прызначэньні справы да разгляду мелі месца парушэньні рэглямэнту Канстытуцыйнага суду”.

Сёньня напачатку пасяджэньня прадстаўнік прэзыдэнта Валадзімір Шапавал ў судзе выказаў нязгоду з удзелам у працэсе прадстаўніка Вярхоўнай Рады, на думку спадара Шапавала, пасьля ўказу прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту Вярхоўная Рада перастала быць легітымнай, а таму яе ня можа ніхто прадстаўляць. Яму запярэчыла прадстаўніца ўраду ў Судзе Алена Лукаш.

Суд пагадзіўся з урадавым бокам. Разам з тым суд адмовіўся далучыць да матэрыялаў справы пастановы Вярхоўнай Рады, у якіх парлямэнт адмаўляецца прызнаваць указ прэзыдэнта аб яго роспуску.

Рэглямэнт суду не прадугледжвае тэрмінаў разгляду справаў. Між тым датэрміновыя выбары прызначаныя прэзыдэнтам на 27 траўня, да гэта засталося 40 дзён.

Прэзыдэнт Юшчанка адмаўляецца ня толькі адклікаць свой указ, але і перанесьці дату датэрміновых выбараў на больш позьні час. Прадстаўніца ўраду у Канстытуцыйным судзе Алена Лукаш выказала спадзяваньне, што вэрдыкт па справе будзе вынесены праз 2-3 дні. Тым часам у Кіеве працягваліся масавыя акцыі. Каля 7 тысяч прыхільнікаў кааліцыі праводзілі мітынг на Майдане Незалежнасьці. Яны перакрылі рух па Храшчаціку.

З раніцы будынак Канстытуцыйнага суду пікетавалі каля тысячы чалавек - як прыхільнікі кааліцыі, гэтак і партыі “Пара”. Між тым завочная дыскусія паміж палітычнымі сіламі Ўкраіны працягвалася ў Страсбуры і Брусэлі.

“Дзяліць Украіну на “празаходнюю” і “прарасейскую” – гэта зьневажаць мудрасьць украінскага народу”, – заявіў сёньня старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн падчас сустрэчы з украінскім прэм’ер-міністрам Віктарам Януковічам. Паводле спадара ван дэр Ліндэна Украіна, Расеі і Эўропа ня могуць існаваць без адна адной. “Адзінства Украіны – крытычны чыньнік адзінства Эўропы” – сказаў ён. Віктар Януковіч падчас свайго выступу патлумачыў, што украінскі ўрад не выконвае указ прэзыдэнта аб датэрміновых выбарах, бо лічыць яго падзаконым актам. “Галоўным законам Украіны ёсьць Канстытуцыя і ўсе, у тым ліку і прэзыдэнт, павінны падпарадкоўвацца ёй” – падкрэсьліў Януковіч. Ён патлумачыў, што калі Канстытуцыйны суд прызнае канстытуцыйнасьць указу, урад будзе яго выконваць.

У той жа час у Брусэлі адбыліся перамовы паміж старшынём Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу і прэзыдэнтам Юшчанкам. На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі Барозу заявіў:

Барозу: "Дэмакратыя, і ў гэтым яе перавага ў параўнаньні зь іншымі рэжымамі, заўсёды дае магчымасьць знайсьці кампраміс. Калі ёсьць добрая воля, у свабодным грамадзтве заўсёды знойдзецца рашэньне".

Прэзыдэнт Юшчанка падчас прэсавай канфэрэнцыі сказаў:

Юшчанка: "Мы - прыхільнікі выключна дэмакратычнага шляху вырашэньня праблем палітычнага і парлямэнцкага крызысу ва Ўкраіне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG