Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выканаўчы камітэт “Супрацьсухотных дзён” у Горадні ладзіць у залях гатэлю “Роял” чорную каву з танцамі”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 17 красавіка ў розныя гады мінулага.

“Glos Prawdy” ў 1927 годзе паведамляе: “Выканаўчы камітэт “Супрацьсухотных дзён” у Горадні ладзіць 19 г.м. у залях гатэлю “Роял” чорную каву з танцамі. Гэта першая па вялікім посьце танцавальная забава дае шырокаму таварыству добрую нагоду спалучыць прыемную забаву з грамадзянскім чынам, якім зьяўляецца падтрымка Супрацьсухотнага таварыства. Думаем, што забаву гэтую не прапусьціць той, каго хвалюе гэтая сур’ёзная справа. Пачатак а 8 гадз. веч. Касьцюм дае права ўваходу”.

“Віцебскі пролетарый” у 1937 годзе друкуе абавязковую пастанову прэзыдыюму гарсавету: “5. Да 1 мая адрамантаваць і афарбаваць урны, а дзе іх няма, устанавіць ля кожнага домаўладання і магазіна па ўстаноўленаму гаркамгасам узору, забараніўшы грамадзянам кідаць на тратуары акуркі, смецце і г.д. 9. Забараніць расклейку афіш, плакатаў і рознага роду аб’яў на сценах будынкаў, заборах, варотах і на слупах як на цэнтральных вуліцах, так і на акраінах...”

“Чырвоная змена” ў 1977 годзе знаёміць з заклікамі ЦК КПСС да 1 траўня: “Брацкае прывітанне народам Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау і Астравоў Зялёнага Мыса, якія вядуць мужную барацьбу за ўмацаванне нацыянальнай незалежнасці і сацыяльны прагрэс! Брацкае прывітанне пакутуючым у турмах і фашыстскіх засценках мужным барацьбітам за свабоду народаў, дэмакратыю і сацыялізм! Няхай жывуць Саветы дэпутатаў працоўных — самыя прадстаўнічыя органы народаўладдзя! Няхай шырыцца ўдзел рабочых, сялян, інтэлігенцыі ў кіраванні дзяржавай!”
XS
SM
MD
LG