Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасьць плён чарговая паездка апазыцыі за мяжу?


Уладзімір Глод, Менск Сёньня ў Страсбуры адбудзецца пасяджэньне спэцыяльнага падкамітэту ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Цяперашнюю сытуацыю ў краіне будуць абмяркоўваць эўрапейскія дэпутаты і экспэрты, а таксама палітыкі і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў з Беларусі.

Сёньняшняе паседжаньне гэта ўжо далёка ня першая дыскусія ў беларускіх справах. Яны праходзілі раней і, мабыць, будуць працягвацца і надалей. Некаторыя аналітыкі лічаць, што плён ад падобных паездак вельмі малы. З гэтай думкай не пагаджаецца кіраўнік Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, які ад панядзелка знаходзіцца ў Страсбуры:

“Я разумею, што для некаторых гэта выглядае як палітычны турызм – прыемна паехаць у цывілізаваную краіну. Але гэта абсалютна неабходна. Бо калі па-за намі будуць вырашацца беларускія пытаньні, па-за намі будзе выпрацоўвацца стратэгія супрацоўніцтва з Беларусьсю, тады мы будзем маргінальнымі, хаця і дэмакратычнымі палітыкамі.

Мы ж увесь час кажам: не вырашайце лёс нашай краіны па-за нашымі галовамі. Калі хочам удзельнічаць, мусім прыяжджаць і да сябе запрашаць таксама”. Вацлаў Станкевіч, якія ачольвае дэпутацкую групу парлямэнту Літвы ў дачыненьнях з Беларусьсю, гаворыць, што найчасьцей такія кантакты даюць плён тады, калі існуе агульная зацікаўленасьць улады, апазыцыі і Эўропы:

“Я бачу, што Страсбур ці Эўропа зацікаўленыя, каб Беларусь была бліжэй да Заходняй Эўропы, да Эўразьвязу. Аднак Беларусь не заўсёды адэкватна адказвала. Але ўсё роўна, калі запрашаюцца прадстаўнікі з Беларусі і яны прыяжджаюць, гэта ўжо добра. І не заўсёды ў такіх вялікіх палітычных справах, як, прыкладам, дачыненьні Беларусі з Эўропай, трэба чакаць бачнага выніку ад адной-дзьвюх сустрэчаў. Але ў стратэгічнай пэрспэктыве падобныя сустрэчы, дыскусіі несумненна пазытыўны працэс. І ён павінен працягвацца. Я за тое, каб часьцей былі такія спатканьні, каб беларускія пытаньні часьцей разглядаліся на ўзроўні Страсбуру ці Брусэлю”.

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч кажа, што ад падобных паездак беларускіх палітыкаў ён ня бачыць карысьці:

“Калі паглядзець на стратэгію дзеяньняў палітычнай апазыцыі, якая абмяркоўвалася, а можа, і не вельмі абмяркоўвалася, але ж прынятая на паседжаньні ў Вільні, дык зь яе немагчыма вызначыць, што, уласна кажучы, патрэбна рабіць на такіх сустрэчах досыць высокага ўзроўню.

Сустрэчы ў Страсбуры маглі б быць карыснымі, калі б у нашых так званых дыпляматаў ад палітыкі былі і паўнамоцтвы, і мэты, і пэўныя сродкі дасягненьняў гэтых мэтаў у дыпляматыі. Але ж гэтага нічога няма, і, на жаль, пра гэта ніхто не думае. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, пры ўсім тым, што гэта ня вельмі моцная міжнародная арганізацыя, але ж яна магла шмат чым дапамагчы Беларусі. Асабліва ў гэты пэрыяд, які як раз зьвязаны менавіта з тымі праблемамі, якія з’яўляюцца галоўным зьместам працы Рады Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG