Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянскі шлюб:за і супраць


Ігар Карней Штогод у Беларусі рэгіструецца каля 70 тысяч шлюбаў. Паводле статыстыкі Міністэрства юстыцыі Беларусі, за апошнія пяць гадоў у паўтары разы павялічылася колькасьць людзей, якія ня хочуць афіцыйна заводзіць сем’і і жывуць гэтак званым грамадзянскім шлюбам. Як кажуць спэцыялісты, прыблізна кожны дзесяты “саюз” не рэгіструецца. У 2006 годзе па-за шлюбам нарадзіліся 22 тысячы дзяцей, што амаль напалову болей за паказьнік 2000 году.

Менчук Юрась Гаеў грамадзянскім шлюбам жыве дзесяты год і афіцыйна рэгістраваць свае адносіны пакуль не зьбіраецца:

“Я не настолькі супраць шлюбаў, колькі катэгарычна супраць раньняга пабраньня. Гэта сур’ёзная праблема ў нашай дзяржаве. Асабліва калі пачынаюць “юлозіць” па мазгох магчымасьцю атрыманьня кватэры за трэцяе дзіця, людзі кідаюцца ў шлюбы, пачынаецца шаленства. Гэта гонка зусім непатрэбная, бо потым давядзецца вельмі моцна расплачвацца. Гэта не пустыя словы, калі параўнаць статыстыку шлюбаў і разводаў. Фактычна на сёньняшні дзень кожная другая сям’я – наноў створаная пасьля разводу кагосьці з бакоў. Хваляцца, што шмат шлюбаў. Але ніхто не падлічвае, колькі паўторна заключаных шлюбаў і колькі было перад гэтым разводаў. А любы развод – гэта псыхалягічная траўма. І добра яшчэ, калі няма дзяцей”.

Міністэрства юстыцыі падрыхтавала спэцыяльную даведку. У ёй, адзначаецца: грамадзяне, не пабраныя шлюбам, ня могуць прэтэндаваць на адпаведныя правы мужа і жонкі.

Ад моманту стварэньня паўнавартаснай сям’і зьяўляюцца асабістыя немаёмасныя правы – ад права на вызначэньне імя дзіцяці да месца жыхарства і грамадзянства. Праўда, ў адпаведнасьці з Грамадзянскім кодэксам, толькі жанчына, якая была ў шлюбе, мае права патрабаваць алімэнты на дзіця. У мужчыны такой магчымасьці няма.

Псыхоляг Інэса Барысава ўдакладняе, што народжанае па-за зарэгістраваным шлюбам дзіця не атрымлівае права на ўтрыманьне. А алімэнты на дзіця можна атрымаць толькі пасьля складанай судовай працэдуры высьвятленьня бацькоўства:

“Ніхто ня можа быць супраціўнікам ці прапагандыстам грамадзянскіх шлюбаў. Але дзеці павінны нараджацца ў афіцыйнай сям’і. Бо дзецям трэба, каб была гарантаваная юрыдычная ахова. А ў грамадзянскім шлюбе яны яе ня маюць. І, вядома ж, калі афіцыйна сям’я ўтвараецца, то людзі, як мне падаецца, больш грунтоўна да гэтага падыходзяць, больш адказна. Але, шчыра кажучы, усё ад саміх людзей залежыць, а не ад наяўнасьці штампу ў пашпарце”.

Шматдзетная маці Вераніка Голад, як яна сама кажа, “жонка” з 29-гадовым стажам, перакананая: жыцьцё без абавязкаў, як гэта адбываецца ў грамадзянскім шлюбе, дазваляе мужчынам не выконваць свае сямейныя абавязкі. І ў першую чаргу ў выхаваньні дзяцей.

“Таму адзінае выйсьце, я лічу, узьняцца ўсім нам, і ня толькі шматдзетным, а ўсім маці, якія думаюць пра лёс сваіх дзяцей, якія хочуць, каб іх дзеці добра вучыліся, добра харчаваліся, былі здаровыя, выйсьці і проста прасіць, патрабаваць, каб на нас зьвярнулі ўвагу”.

Паводле законаў, усё правы на маёмасьць і абавязкі ў справе ўтрыманьня і абароны сям’і ўзьнікаюць толькі, калі шлюб афіцыйнай зарэгістраваны. Тады муж і жонка карыстаюцца роўнымі правамі на сумесную маёмасьць нават у тым выпадку, калі адзін зь іх не працаваў, а займаўся даглядам дзіцяці ці вёў хатнюю гаспадарку.

Маёмасныя адносіны паміж “грамадзянскімі” мужам і жонкай рэгулююцца паводле закону пра агульную долевую ўласнасьць. Гэта значыць, што нажытая сумесна маёмасьць ня лічыцца агульнай уласнасьцю. І ў выпадку разыходу, такі скарб будзе дзяліцца, адпаведна ўкладаньнямі.

“Што вы скажыце сваім дзецям, калі даведаецеся, што яны вырашылі жыць грамадзянскім шлюбам?”

На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на вуліцы Кальварыйскай і Альшэўскага.

XS
SM
MD
LG