Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За апошнія гады ў нас многіх начальнікаў пасадзілі, але многіх яшчэ не пасьпелі”


Валянцін Жданко, Менск Агляд лістоў на Свабоду

У нашай пошце нямала лістоў ад слухачоў, якія скардзяцца на мясцовых чыноўнікаў, на тое, што знайсьці справядлівасьць у невялікім горадзе ці вёсцы вельмі цяжка, а звароты ў сталіцу часта не прыносяць ніякага плёну, бо найчасьцей проста перасылаюцца тым чыноўнікам, на якіх скардзяцца людзі.

Сёньняшнюю размову пачну з аднаго з такіх лістоў, аўтар якога — Гаўрыіл Семянцоў з Воршы. Слухач лічыць, што цэнтральная ўлада ў Беларусі — справядлівая й сумленная, а ўсе праблемы ўзьнікаюць праз тое, што ўладу мясцовую захапілі і ўзначальваюць карумпаваныя чыноўнікі. Гаўрыіл Семянцоў, у прыватнасьці, піша:

“Калі-нікалі слухаем вашу “Свабоду”. Часам гаворыце талковыя рэчы, а часам — абы-што... Вось пра Лукашэнку. Ну, надакучыла слухаць апазыцыю. Ды ўсе ж бачылі: ён выйграў выбары свабодна і сумленна. Большасьць людзей было за яго. І галасаваць ішлі самі, ніхто ня гнаў.

Іншая рэч, што колькасьць працэнтаў завышалі мясцовыя начальнікі. Але Лукашэнка тут пры чым? Я так думаю, што яны проста спаборнічалі адзін перад адным. Думалі: вось пакажу большы працэнт, а Лукашэнка падумае — чым большы працэнт, тым лепшае жыцьцё.

У нас у Воршы многія людзі жывуць кепска, таму начальства працэнтаў не шкадавала. Іншая рэч — выбары мясцовай улады. Тут робіцца нешта неверагоднае. За апошнія гады ў нас многіх начальнікаў пасадзілі, але многіх яшчэ не пасьпелі. І за такую ўладу прыйшлі галасаваць 80 працэнтаў аршанцаў? Хто ў гэта паверыць?

А як выбіралі старшыню гарсавету і ягоных намесьнікаў? Памятаеце, як у савецкім фільме “Старшыня”? Дружна паднялі рукі — і ўсё. Гэта было добра відаць па тэлебачаньні. Проста агідна”.

У Беларусі, спадар Семянцоў, створаная і дзейнічае жорстка цэнтралізаваная сыстэма ўлады. Мясцовыя чыноўнікі ня самі зваліліся вам на галаву — іх прызначае і адказвае за іх дзеяньні цэнтральная менская ўлада. А вось мясцовыя жыхары фактычна пазбаўленыя магчымасьці ўплыву на сваё раённае і гарадзкое начальства, паколькі не яны яго выбіраюць.

Гэта адна з галоўных адметнасьцяў цяперашняй аўтарытарнай сыстэмы, якая створаная ў Беларусі прэзыдэнтам Лукашэнкам. З аднаго боку, такой сыстэмай лёгка і проста кіраваць з цэнтру; з другога ж — яна адарваная ад інтарэсаў мясцовага насельніцтва, схільная да карупцыі. Яе галоўная мэта — добра выглядаць у вачах вышэйшага начальства, а ня простых людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі.

Наш слухач Аляксандар Сувораў зь Менску ў сваім электронным лісьце на “Свабоду” на падставе афіцыйнай статыстыкі аналізуе, як за гады кіраваньня Лукашэнкі ў Беларусі зьмянілася сытуацыя са злачыннасьцю. Спадар Сувораў піша:

“Беларусь уваходзіць у дзясятку самых крымінальных краін сьвету паводле колькасьці забойстваў на душу насельніцтва. Па гэтым паказьніку мы, так бы мовіць, апярэджваем Злучаныя Штаты ў два разы, Польшчу і Нямеччыну — у тры.

Зайдзіце на афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў. Вось зьвесткі, якія я ўзяў адтуль: у 2004 годзе у Беларусі на 100 тысяч насельніцтва было ўчынена 10 забойстваў (для параўнаньня: у Нямеччыне, Польшчы, Славаччыне — тры, у Чэхіі і Грэцыі — два).

За апошнія дванаццаць гадоў колькасьць злачынстваў у Беларусі ўзрасла на 59 працэнтаў. У тым ліку болей стала забойстваў, крадзяжоў, рабаўніцтваў. Так што шматлікія афіцыйныя рапарты аб посьпехах у барацьбе са злачыннасьцю — гэта міт. Выпадковасьць такі вынік, ці гэта заканамернасьць, натуральнае і непазьбежнае наступства той сыстэмы, якую стварае цяперашняе кіраўніцтва краіны?”

Увогуле, спадар Сувораў, звычайна пры аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымах узровень злачыннасьці параўнальна невысокі. Гэтаму спрыяюць жорсткая карная сыстэма і вялікая колькасьць паліцэйскіх сілаў.

Чаму ў аўтарытарнай Беларусі, нягледзячы на жорсткі аўтарытарны рэжым крымінагенная сытуацыя далёкая ад пасьпяховай?

На гэтае пытаньне няма простага і адназначнага адказу. Відавочна, уплывае тое, што краіна перажывае складаны пераходны пэрыяд зьмены эканамічных сыстэмаў, калі адбываецца маёмаснае расслаеньне грамадзтва.

Істотны фактар — і тое, што на працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў абвастралася праблема алькагалізацыі насельніцтва. Хоць увогуле, калі параўноўваць крымінагенную сытуацыю ў Беларусі не з заходнімі краінамі, а з постсавецкімі (акрамя балтыйскіх), то Беларусь тут выглядае больш прывабнай, чым яе ўсходнія і паўднёвыя суседзі.

Міхаіл Лысевіч зь Ліды ў сваім лісьце на “Свабоду” зьвяртаецца да лідэраў беларускай апазыцыі з наступнымі прэтэнзіямі і прапановамі:

“Спадары Мілінкевіч, Вячорка, Лябедзька! Можа, пара ўжо скончыць вашы сваркі, адрынуць ідэі і займець мэту? Такой мэтай даўно павінна быць імкненьне да ўлады з рашучымі дзеяньнямі й шчырым вызнаваньнем сваёй праграмы.

А што робіце вы? Няма слоў, калі чарговы раз чытаеш пра ваяж то ў Вашынгтон, то ў Брусэль, а то і ў Маскву. Што там рабіць? Ну, не жадае Масква ставіць на вас. Ды і вам агідна павінна быць ад такога хаўрусьніка. Што тут робяць рознага кшталту расейскія дэмакраты, калі яны і ў сваёй краіне нічога не вырашаюць?

І як вам прыйшло ў галаву спрабаваць разам з Лукашэнкам адзначаць 25 сакавіка? Ён вас пачуў, але толькі з вышыні свайго розуму. А вы чакалі, што калі ня ён, то ягоныя бліжэйшыя паплечнікі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на пляц Каліноўскага прыскачуць? Сьмех, спадарства…

Вось і атрымайце той камэнтар па БТ, які атрымалі. Глядзіце, каб права на адзначэньне 90-х угодкаў БНР пад зялёна-чырвоным сьцягам не атрымалі выключна “бээрсээмаўцы” ды іншая навалач”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Лысевіч зь Ліды разважае пра дачыненьні дэмакратычнай апазыцыі й Захаду:

“Колькі год абяцанкі ды дурныя дзеі, а вынік… Калі няма магчымасьці нешта памяняць на Беларусі, то што тады гойсаць па сьвеце? Можа, варта нарошчваць больш упэўненыя дзеяньні унутры краіны (кшталту таго, што было ў 1996—1998 гадах)? Такія пытаньні гучаць ня толькі з майго боку.

А стыль вашай барацьбы дазваляе ўладзе казаць пра вас тое, што кажуць. І гэта прымаецца народам, які, не зважаючы на тое, што лічыць сябе хрысьціянскім, вельмі любіць Бацьку і яго хамаватае атачэньне ды брудную лаянку.

На жаль, ідэі й заклікі так і не далі ў Беларусі трывалых парасткаў. Усё засталося на ўзроўні перабудовы Гарбачова, а мо і ранейшага часу. На жаль, нам цікавей надзённая ежа, чым адраджэньне краіны і нацыянальная годнасьць. Што рабіць? Шчыра кажучы, ня ведаю. Ведаю толькі адно: усё можа вельмі хутка, імгненна памяняцца. Але тое здараецца па волі Бога”.

Думаю, спадар Лысевіч, пад гэтымі словамі маглі б падпісацца вельмі многія людзі ў Беларусі, якія гэтак жа, як і вы, сумняюцца і чакаюць зьменаў, спрабуюць разабрацца ў падзеях вакол сябе і знайсьці адказы на складаныя жыцьцёвыя пытаньні.

Вядома ж, было б вялікім спрашчэньнем сьцьвярджаць, што ў цяперашнім становішчы Беларусі вінаватая толькі апазыцыя, яе стратэгічныя й тактычныя памылкі, няўменьне дасягаць выніку ў палітычнай барацьбе.

Апазыцыя — толькі частка (палітычна актыўная частка) грамадзтва, якая да таго ж існуе ў жорсткіх умовах аўтарытарнага рэжыму. Пакуль яе ідэі ня стануць дамінаваць у грамадзтве, пакуль на яе заклікі ня будуць выходзіць дзясяткі й сотні тысяч людзей — спадзяваньні на хуткія зьмены невялікія.

І яшчэ адзін ліст на гэту ж тэму, які даслаў Барыс Руцько зь Менску. Ён піша:

“Неабходна сумленна і адкрыта прызнаць, што ў Беларусі няма сапраўднай апазыцыі, а ёсьць псэўдаапазыцыя, і няма яе лідэраў, а ёсьць псэўдалідэры. Яны ня ведаюць, што і як рабіць. Падзеі 25 сакавіка 2007 году пацьвярджаюць гэтыя высновы.

Мілінкевіч не валодае якасьцямі дасьведчанага лідэра, у якога ёсьць плян дзеяньняў, расьпісаны па пунктах. Казулін — таксама пакуль не аўтарытэт.

Усім цяперашнім апазыцыйным партыям трэба проста самаліквідавацца. Неабходна стварыць іншую, новую апазыцыю, якую ўзначаляць новыя лідэры, здольныя ўзьняць пытаньне пра ўладу ў краіне на працягу некалькіх дзён ці нават гадзін. А цяперашнія лідэры ў новай апазыцыі не патрэбныя, паколькі іхны час скончыўся”.

Застаецца, спадар Руцько, высьветліць, адкуль возьмуцца гэтыя новая апазыцыя і новыя таленавітыя лідэры, здольныя на працягу некалькіх гадзін вырашыць тое, чаго іхныя папярэднікі ня вырашылі за многія гады.

Няўжо вы лічыце, што яны могуць зьявіцца аднекуль звонку, з-за межаў Беларусі? А калі яны жывуць тут, унутры краіны, то чаму дагэтуль ніяк пра сябе не заявілі? Лідэрамі не становяцца ў адно імгненьне, паводле нейкага бюракратычнага рашэньня альбо пастановы якога-небудзь сходу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG